Падзяліцца:
«Роздум. Асалода чытання». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.09.2020
«Роздум. Асалода чытання». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Вы, напэўна звярнулі ўвагу на вялікія білборды , на якіх адлюстраваны людзі розных узростаў з разгорнутай кнігай і надпісам пад адлюстраваннем-- «Асалода чытання».Гэтыя словы і выявы абудзілі ў мяне даўнія ўспаміны , калі , малым , я адчуў у поўнай меры значэнне і прывабнасць гэтых слоў.

Гэта пазней , ужо дарослым , я вычытаў у адной пісьменніцы сугучныя маім думкам словы : ”кнігі – гэта крокі лёсу.Кожная кніга – адзін крок.У лёсу няма “направа” і “налева”, толькі “прама” і “ўперад”. Да смерці. Можна параўнаць кнігі з дзецьмі, але дзеці не вызначаюць наша прадвызначэнне”

Дык вось успаміны: «мне восем гадоў , я іду са школы: у партфелі-- любімая кніга пра Васька Трубачова.

Вось распрануся , паем і пачну чытаць! Дома на сціплай этажэрцы – узятыя з бібліятэкі іншыя кнігі.Яны не залежваюцца на паліцы , бо ў бібліятэку я бегаю амаль кожны дзень. На мяне там , бывае, глядзяць дакорліва і не вераць, што я так хутка ўсё прачытаў. А я крыўджуся і кажу , што магу ўсё пераказаць , што было напісана…

Да бібліятэкі ісці не так і блізка, бо яна-- ў “Доміку Пятра Першага”, непадалёк ад Сафійкі.Трэба прайсці праз Чырвоны мост над Палатой, падняцца ўверх да Кадэцкага корпуса, а потым зноў спусціцца да дзвінскай набярэжнай.

Чытаць для мяне – найвышэйшая асалода.

Я думаю , што кнігі пішуць казачныя чараўнікі , якія жывуць у гарах ці на нябёсах…

Перад сном я прыдумваю ім новы працяг , я хачу , каб любімыя героі жылі вечна , каб я вырас і стаў такі, як яны…»

Падобнымі успамінамі , мне здаецца , могуць падзяліцца многія , і мае равеснікі, і маладзейшыя , для якіх кніга з маленства верны сябар і дарадчык.

Чытанне, па вобразным выказванні Янкі Брыля, — “праца і свята ”. Яно патрабуе вялікага напружання, як і любая праца. І калі інтэрнэт у асноўным забава, то менавіта чытанне –тое , што павінна культывавацца з самых малых гадоў менавіта як свята і праца.

І тут важнае месца надаецца школе , урокам літаратуры .У школьным выкладанні літаратуры галоўнай праблемай застаецца арганізацыя чытання мастацкіх твораў вучнямі, але вывучэнне літаратуры, — не проста захапляючае чытанне, задавальненне сваёй цікаўнасці. Гэта яшчэ і “напружаная праца думкі, скіраваная на тое, каб узбагаціць нашы ўяўленні аб жыцці, глыбей пазнаць тое, што адбываецца навокал, лепш разумець людзей”. Настаўніку нельга забываць, што ўспрыманне — “складаны творчы працэс, які вымагае ад чытача вялікага напружання інтэлектуальных і эмацыянальных сіл, актыўнай дзейнасці ўяўлення”.Гэта тое , што патрабуецца ад настаўніка літаратуры.

Безумоўна, не толькі настаўнік можа дапамагчы дзятве і падлеткам захапіцца чытаннем кніг. Шкада , калі бацькі не знаходзяць часу разам з малымі акунуцца ў прыгожы свет сапраўднай літаратуры , падзяліцца прачытаным, падказаць, што можна цікавага прачытаць, пазбавіць юныя душы ад сумніўных ідэй і каштоўнасцей , якімі сёння поўніцца сеціва.

А ўрэшце , і малым і сталым варта зразумець , што тое багацце , якое дораць добрыя кнігі, нельга вымераць ніякімі лічбавымі адзінкамі , што яно-- аснова духоўнай спеласці ,высокіх памкненняў і светлых думак.

І гэта вышэйшая асалода. Так што давайце чытаць добрыя кнігі!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: