Падзяліцца:
«Роздум. Асэнсоўваючы здабыткі нацыянальнай культуры». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.09.2020
«Роздум. Асэнсоўваючы здабыткі нацыянальнай культуры». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Архітэктура і дызайн, выяўленчае і музычнае мастацтва, нацыянальныя культура і мова – гэтыя і іншыя тэмы другога міжнароднага навуковага кангрэса беларускай культуры, які адкрываецца сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук. Арганізатары кангрэса – Цэнтр даследаванняў беларускай культуры і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Кангрэс пройдзе ў вочна-завочным фармаце, і ў ім прымуць удзел вучоныя і даследчыкі як з нашай краіны, так і з Расіі, Польшчы, Велікабрытаніі...

Як дэкларуюць арганізатары, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, навуковы аналіз сучаснага стану нацыянальнай культуры і перспектыў яе развіцця з'яўляюцца асноўнай задачай па забеспячэнні стабільнасці і працвітання сучаснай Беларусі, закліканы садзейнічаць міжнароднаму супрацоўніцтву вучоных.

Сапраўды, праз нацыянальную культуру свет даведваўся пра наш цудоўны край. Больш за пяцьсот гадоў таму доктар Францыск Скарына ўславіў свой родны Полацк, а Мікола Гусоўскі распавёў сучаснікам пра цудоўныя краявіды і прыроду роднай Беларусі.

Увогуле, малая радзіма для творчасці майстроў слова заўсёды была крыніцай натхнення.

Як падкрэсліваюць вучоныя-літаратуразнаўцы, у творах сапраўдных мастакоў можна лёгка пазнаць прыкметы іх малой радзімы. Родны кут мастака слова, яго назвы, пейзажы, вобразы становяцца залатым запасам, які падтрымлівае эмацыйную сілу ўсёй іх творчасці. Такімі незабыўнымі ўражаннямі на ўсё жыццё для Янкі Купалы былі Селішча, Акопы, для Максіма Гарэцкага – Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне, а таксама куляшоўскія Саматэвічы, мележаўскае Палессе.

Для творчасці Якуба Коласа найярчэйшым прыкладам таго, з якімі любасцю і замілаваннем услаўляецца родны кут, назвы родных мясцін, найперш з’яўляецца яго ўнікальная ў сусветнай літаратуры паэма «Новая зямля» з яе незабыўным для кожнага беларуса запевам. А рака Нёман у яго творах выконвае не толькі ідэнтыфікуючую функцыю – гэта неад’емная частка не толькі прыроднай, а і духоўнай велічы роднага краю.

«Не шукайце красот за морамі,
На ўзбярэжжах з крыштальнымі зорамі,
Прыязджайце да нас, на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі».

Гэта радкі Генадзя Бураўкіна. А яго сябра і зямляк народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін заклікаў:

«Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці».

Як вядома, акрамя этнічных беларусаў на нашай зямлі здаўна, стагоддзямі жывуць прадстаўнікі іншых народаў. Гэта гістарычная рэальнасць. Культура і традыцыі гэтых этнасаў захоўваюцца і з'яўляюцца часткай нацыянальнай беларускай культуры. Пра гэта сведчыць і традыцыйны фестываль нацыянальных культур, які праходзіць у нашай краіне. І даследчыкам на кангрэсе, я думаю, будзе цікава разглядаць гэтыя пытанні, гаварыць аб узаемадзеянні культур, пра ўплыў культуры і традыцый іншых народаў на беларускую культуру.

Шмат чаго цікавага можна распавядаць, да прыкладу, і пра архітэктуру, захаванне гістарычных помнікаў. Унікальныя з'явы ў гэтай галіне – Спаса-Еўфрасіннеўская царква і Сафійскі сабор у Полацку, гродзенская Каложа, Мірскі замак і Нясвіжскі палац.

Шмат змястоўных дакладаў арганізатары кангрэсу дэкларуюць і на іншыя тэмы, звязаныя з нацынальнай культурай. Навуковы форум па іх сведчанні закліканы садзейнічаць аналізу і асмысленню беларускай культуры ў сферах гуманітарных і грамадскіх навук як у Беларусі, так і за яе межамі.

Гэта сёння вельмі важна, бо характар міжнароднага форуму павінен паспрыяць і большай увазе і павазе не толькі да самабытнай культуры Беларусі, а і ў цэлым да ўсведамлення ролі і месца нашай краіны ў сусветнай супольнасці.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: