– Тата, а табе балюча было, калі цябе паранілі? – пытаўся я ў бацькі, гледзячы на яго знявечаную руку, адкуль не раз потым выходзілі асколкі ад куляметнай чаргі, што трапіла ў яго падчас атакі ў адным з баёў на мурманскім напрамку.
– Балюча, сынок, – адказваў бацька, – не дай Бог нікому спазнаць тыя баі.
Пачатак вайны мой бацька сустрэў у Смаленску на ваенных зборах. Адтуль малодшы палітрук запасу і пайшоў на фронт, заскочыўшы на дзень у родны Полацк, каб развітацца з маці, братамі і сёстрамі. Малодшы брат ужо быў у войску, а сям’я – маці і малодшыя дзеці – рыхтавалася да эвакуацыі.
Вось які запіс я знайшоў у кнізе «Полацк» з выдавецкай серыі «Памяць»: «Ідуць бежанцы з горада. Шмат знаёмых. Сэрца сціснулася, калі ўбачыў жонку Гальпяровіча з трыма маленькімі дзецьмі. Яны ўсе хворыя», – так напісаў адзін са сведкаў тых падзей.
Гэта былі сямейнікі майго дзядькі, роднага бацькавага брата.
А хто не паспеў пайсці з горада, трапілі ў гета, у канцэнтрацыйныя лагеры. Ахвярамі акупацыйнага рэжыма сталі кіраўнікі мясцовых органаў, камуністы, інтэлігенцыя, ваеннапалонныя. На 10 жніўня 1941 года фашысты зарэгістравалі 4300 ваеннапалонных, якіх абазначалі літарамі па нацыянальнай прыналежнасці, яўрэі павінны былі мець на вопратцы жоўтую зорку. Да вайны ў Полацку пражывала 10-12 тысяч яўрэеў. 5 тысяч трапілі ў гета і былі расстраляны ці закапаныя жывымі.
Па звестках сакратара Полацкага падпольнага райкама партыі Новікава да верасня 1942 года ў горадзе засталося ў жывых толькі 4 яўрэйскія сям’і.
У жніўні 1941 года побач са Спаса-Ефрасіннеўскім манастыром, на тэрыторыі былога вайсковага гарадка размясціўся транзітны ваенны лагер для савецкіх ваеннапалонных — Дулаг-125. Тут утрымліваліся таксама і мясцовыя цывільныя грамадзяне. Смяротнасць ў лагеры дасягала двухсот чалавек у дзень. Усіх хавалі на былым стрэльбішчы. Сюды ж прывозілі расстраляных ды павешаных з грамадзянскага лагера «Грамы», закопвалі зняволеных гарадской турмы і гестапа. За час існавання лагера ў Полацку ў ім было знішчана каля 40 тысяч ваеннапалонных.
22 чэрвеня 2020 ў Полацку на месцы былых масавых захаванняў афіцыйна адкрылі мемарыял «Урочышча Пяскі».
Бацька вярнуўся ў горад адразу пасля вызвалення. Родны Полацк ляжаў у руінах. І доўга яшчэ мае землякі не маглі адысці ад жудасных успамінаў, ад болю пра страты дарагіх людзей. А мы, малыя, гулялі ў вайну, дзе ніхто не хацеў быць фашыстамі, чыталі кнігі, дзяліліся расповядамі бацькоў і старэйшых пра гора, боль і слёзы ваенных гадоў, пра мужныя подзвігі герояў.
І яшчэ. На маім вяселлі цешча, простая беларуская сялянка, ціха плакала, а на роспыт родных сказала: «Не дай Бог вайна! Што будзе тады з іхнімі дзецьмі?»
Ёй было што ўспамінаць: у яе родным палесскім мястэчку было расстраляна больш за дзевятсот аднавяскоўцаў, якім загадалі прышыць жоўтыя зоркі. Сярод іх былі і яе равеснікі, аднакласнікі і проста добрыя суседзі.
«Не дай Бог вайна». Для большасці жыхароў Беларусі гэта па-ранейшаму асноўны запавет. Памяць маіх бацькоў не па законах генэтыкі жыве ўва мне, маіх равесніках, у сяброў і блізкіх.
І няма тэрміну даўнасці для гэтай памяці. Трэба, каб яна жыла і ў новых пакаленнях, была сапраўдным імунітэтам ад праяў ксенафобіі, самага рознага кшталту экстрэмізму і нялюдскіх ідэй.