Адзін з першых дзіцячых успамінаў, калі ў нашым прыгарадным пасёлку бацькі, адпраўляючыся на работу, гаварылі «пайшлі ці паехалі ў горад».
Мяне дужа цікавіла, што гэта за таямнічы горад, ды гэтая таямніца адкрылася вельмі хутка, калі мяне тата браў з сабой і мы ішлі да маёй бабулі, яго маці.
Гэты наш горад называўся Полацк. Я яшчэ не ведаў пра яго славутую гісторыю, але ён прыцягваў мяне блізкім Спаса-Ефрасіннеўскім саборам з маленькай цэркаўкай, што нібыта стаяла на магутнай далоні над вірлівай Палатой, Чырвонам мостам каля Вала Івана Грознага, і, канечне ж, Сафійкай, што ўздымала свае вежы, нібыта рукі, да сіняга неба.
Мне, як і маім равеснікам, прыходзіла ўсведамленне гістарычных падзей, славы роднага места з першых экскурсій у адзіны тады ў горадзе краязнаўчы музей, з рэдкіх згадак у кнігах і падручніках. Мы тады не ўяўлялі, што ў наш горад будуць ездзіць з розных куткоў Беларусі і з-за яе межаў, што ў ім адкрыецца адзіны ў краіне музей беларускага кнігадрукавання, што адчыніць наведвальнікам дзверы яшчэ з добры дзесятак музейных устаноў, што ажувуць і запрацуюць старадаўнія храмы…
У бліжэйшыя выхадныя мой горад будзе адзначаць сваё 1160-годдзе. Так, першае ўпамінанне ў летапісе, якое дайшло да нас, датуецца 862 годам. Некаторыя сённяшнія вучоныя выказваюцца, што на самой справе Полацк нават старэйшы. Але гэта гіпотэза, ды ўсё ж, згадзіцеся: 1160 – вельмі паважаны ўзрост.
Сёння мы смела кажам, што Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці, бо сапраўды, Полацкае княства ў часы князя Усяслава было магутнай старадаўняй дзяржавай.
Сучасны горад шануе сваю сівую гісторыю, пра гэта сведчаць і святочныя мерапрыемствы ў гэтыя майскія дні, і першая нядзеля верасня, калі адбудзецца ўрачыстая літургія ў гонар святой заступніцы беларускага народа Ефрасінні Полацкай.
Полацк… Я шмат у сваёй творчасці прысвяціў роднаму гораду. Для мяне вялікі гонар, што вучні беларускіх школ на ўроках знаёмяцца з маімі радкамі пра бацьку гарадоў беларускіх.
Я ведаю і веру, што пра мой горад творцы і даследчыкі напішуць і скажуць яшчэ нямала.
Ён сапраўды заслугоўвае і высокіх слоў, і цікавых новых даследаванняў.
Хай жа і далей жыве і дае парасткі гэтае магутнае дрэва, якое моцнымі каранямі звязана і мацуецца роднай зямлёй.
Са святам, Полацк!