Падзяліцца:
«Роздум. Беларусь – агульны дом». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.06.2022
«Роздум. Беларусь – агульны дом». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Той, хто пабываў у цудоўным горадзе Гродна падчас фестываляў нацыянальных культур, назаўсёды запомніў радаснае людское мора, якое віравала на цэнтральных вуліцах старажытнага горада, яркія нацыянальныя касцюмы, песні на розных мовах, прыгожыя танцы.

А яшчэ падвор'і нацыянальных суполак,дзе можна было пакаштаваць узбекскі плоў і беларускія дранікі, літоўскія цэпеліны і яўрэйскую мацу…

Прадстаўнікі больш як сотні нацыянальнасцяў нашай краіны збіраюцца на гэтае свята, каб прадэманстраваўшы прывязанасць і захаванне сваіх нацыянальных традыцый, выказаць любоў да сваёй сённяшняй Радзімы – Беларусі.

Так сталася, што за той час, калі мне даверылі ўзначальваць таварыства «Беларусь–Арменія» рэспубліканскага Дома дружбы, мне давялося пазнаёміцца з многімі цудоўнымі людзьмі, якія любяць сваю мову, свае традыцыі, але сталі паўнапраўнымі грамадзянамі нашай сінявокай краіны.

Армен Сяргеевіч Сардараў, з якім мяне звязвае даўняе сяброўства, аўтар многіх помнікаў на нашай зямлі, выхоўвае беларускіх архітэктараў, выдатна валодае беларускай мовай. З ім мы разам выдалі кнігу-альбом «Маці зямля».

А Георгій Анушаванавіч Егіазаран, які ўзначальвае таварыства армянскай культуры «Аястан», актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці нашай краіны, адзін з кіраўнікоў айчыннай грамадзянскай авіацыі.

Ансамбль народнага танца «Эрэбуні» прадстаўляе нашу краіну на міжнародных фестывалях, заваяваў шмат прызоў.

А азербайджанец Націк Багіраў праславіў Беларусь на многіх прэстыжных спаборніцвах і горда нёс сцяг Беларусі у спартыўных залах свету.

Аматары эстраднай музыкі добра ведаюць спявачак Гюнеш і Стэлу, спевака Тарыела Майсурадзе. Асабліва пранікнёна і ярка Тарыел спявае беларускія народныя песні.

Ды ў чарговым фестывалі бралі ўдзел не толькі гэтыя зоркі. Сотні звычайных інжынераў, рабочых, дактароў і настаўнікаў аб'ядноўваць нацыянальныя таварыствы.

А фестываль, які прайшоў у гэтыя дні ўжо 13-ты раз, створаны з мэтай яднання народаў Рэспублікі Беларусь, развіцця міжнацыянальнага сяброўства, адраджэння, культурных традыцый, нацыянальных супольнасцей, адлюстравання культурнай разнастайнасці беларускага грамадства.

Сёлетні год аб'яўлены Годам гістарычнай памяці, таму сімвалічна, што з удзелам ганаровых гасцей фестываля у парку імя Жылібера прайшла цырымонія ускладання вянкоў да брацкай магілы воінаў і партызан, якія загінуліі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а ў галерэі імя Тызенгаўза адбыўся круглы стол «Беларусь – наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў».

Арганічна ў праграму фестывалю ўвайшлі выставачныя праекты «Адзінства народаў – залог Вялікай Перамогі» і «Беларусь – наш адзіны дом».

Усяго ў праграму фестывалю было ўключана каля 50 мерапрыемстваў.

Але самае галоўнае – тая атмасфера сяброўства еднасці, братэрства, што вельмі важна ў наш час, калі на нацыянальнай глебе ўзнікаюць канфлікты, калі ажываюць ідэі нацыянальнай нецярпімасці, ксенафобіі і нацызму.

Свята нацыянальных культур, якое праводзіцца ў нашай краіне, яшчэ раз даказала, пра што адзначалі яго ўдзельнікішто мова культуры зразумелая ўсім, што трэба паказваць добрыя эмоцыі, каб было прыемна тварыць на карысць нашай Беларусі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: