Падзяліцца:
«Роздум. Белая цэркаўка тоненькай свечкай...» Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.11.2023
«Роздум. Белая цэркаўка тоненькай свечкай...» Радыёблог Навума Гальпяровіча

Проста за нашай хатай было поле. Па шырокай сцяжыне праз яго можна было дайсці напрасткі амаль да самай брамы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Сілуэты купалаў цэркаўкі Спаса і Крыжаўзвіжанскай царквы можна было бачыць у добрае надвор'е. Але калі ісці «цывільным» шляхам — па дарозе, дзе ходзяць людзі і машыны, трэба было прайсці праз наш Шосты завулак Фрунзэ, павярнуць налева і далей, міма ляснога тэхнікума, проста пад арку, каб можна было трапіць на тэрыторыю манастыра.

У гады майго дзяцінства ніякага манастыра там не было. У завулку яшчэ можна было ўбачыць манашак, што не паехалі разам з усімі, калі манастыр ліквідавалі. Гэта былі старыя жанчыны, і кватаравалі яны ў такіх жа бабулек, што жылі тут. Непадалёк жыў у сваім доме святар, унук якога быў маім равеснікам. Дзе ён вучыўся, я не ведаў, бо нашы сцежкі ніколі не перасякаліся, і я практычна быў, як і мае сябры, з ім не знаёмы.

Увогуле, і манастыр, і царква, у якую хадзілі вернікі з усяго горада, для нас былі тэмай забароненай, як і ўсё, што звязана з рэлігіяй. Памятаю, як перад дзіцячым сеансам у кінатэатры паказвалі дакументальны фільм са страшнымі чорнымі папамі і манахамі, якія рабілі нешта нядобрае. А ў лясным тэхнікуме, які стаяў побач з манастыром (дарэчы, у наш час мы даведаліся, што гэта было калісьці епархіяльнае вучылішча), рэгулярна праводзіліся антырэлігійныя мерапрыемствы.

Неўзабаве нам з мамай ад нашага прыгараднага саўгаса далі кватэру, і мы перасяліліся пад самы манастыр, насупраць ляснога тэхнікума. Дарэчы, яшчэ бліжэй да брамы жыла сям'я Пятра Васючэнкі, з якім нас потым звёў жыццёвы і творчы лёс.

Цяпер я часта хадзіў да Палаты, на падвесны масток праз гэту вірлівую рэчачку, з якога цэркаўка Спаса была як свечачка ў зеляніне дрэў, і нейкае дзіўнае святло ішло ад яе, і хацелася ўсё глядзець і любавацца гэтай прыгажосцю.

Потым, калі я працаваў ужо ўласным карэспандэнтам Беларускага радыё, мне давялося суправаджаць адну балгарскую журналістку, каб паглядзець на фрэскі, якія раскрыліся на сценках царквы з мяркуемай выявай прападобнай Ефрасінні.

– Гэта цуд, – усхвалявана гаварыла яна, дачка вядомага мастака, – вы нават не ўяўляеце, якое багацце маеце! Гэта ж дарублёўскі жывапіс!

Пасля мне не раз у сваіх рэпартажах даводзілася расказваць пра рэстаўрацыйныя работы ў манастыры, гутарыць з мастакамі, наведвальнікамі, святарамі, паслушніцамі.

А з матушкай Апалінарыяй мы гаварылі пра гісторыю гэтага святога месца, якую пішуць у манастыры да 900-годдзя. Думаю, што многія цікавыя факты стануць дастаяннем грамадскасці і ўсіх, хто шануе полацкую гісторыю – гісторыю ўсяго беларускага народа.

Аднойчы мы з сям'ёй стаялі на службе ў адноўленым Крыжаўзвіжанскім храме, і да мяне падышла адна з царкоўных жанчын.

— Мы ведаем вас, мы памятаем вас, чытаем вашы вершы. Вы ж наш, полацкі.

Гэта былі адны з самых кранальных слоў, якія я чуў у свой адрас. І тады я пайшоў у суседнюю, маленькую, але заўсёды жывую цэркаўку Спаса, закладзеную яшчэ па волі самой Ефрасінні.

Што я шаптаў тады, гледзячы на купал, пад якім была яе маленькая келля, пад позіркамі старажытных фрэсак, якія прыйшлі да нас праз напластаванні вякоў, аж з дванаццатага стагоддзя?.. Але прызнаюся, што сярод гэтых шчырых слоў была і згадка з майго даўняга верша:

Веі замружу, і ўбачыцца вечар —
Белая цэркаўка тоненькай свечкай.
Гнёзды шпачыныя над Палатой.
Цені дубоў над халоднай вадой.
А за стагоддзямі ў прыцемку сінім
Вочы зямлячкі маёй, Еўфрасінні.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: