Падзяліцца:
«Роздум. Час для чытання». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.08.2022
«Роздум. Час для чытання». Радыёблог Навума Гальпяровіча

«Ведаеш, проста бракуе часу на чытанне, – кажа мне мой калега, – накапіўся ўжо цэлы стос кніг, але стомішся на працы, прыйдзеш дадому, прачытаеш старонак пяць, і больш сіл няма. І так кожны дзень. А на рабоце ў абедзенны перапынак таксама на чытанне хвілін дзесяць-пятнаццаць застаецца.»

– Ды ты ж сапраўдны кнігачэй, якіх засталося мала, – пярэчу я. – Каб усе так чыталі кожны дзень! Я ведаю шмат людзей, якія ўвогуле даўно да мастацкай літаратуры не дакраналіся…

Так, я памятаю яшчэ тыя часы, калі ў грамадскім транспарце можна было сустрэць пасажыраў з кнігай. Сёння ж такое сустрэнеш надзвычай рэдка, усе сядзяць, унурыўшыся ў смартфоны.

Ды і ўвогуле, кнігі знікаюць з інтэр'ераў кватэр. «Дык яны ж былі дзеля моды», – могуць мне запярэчыць. У некаторых – так. Але ў большасці, мне здаецца, кнігі не проста залежваліся на паліцах. Яны былі гонарам і вернымі сябрамі цэлых пакаленняў, пераходзілі ад бацькоў і дзедаў да ўнукаў. Мае дзеці з дзяцінства палюбілі кнігі і былі самымі актыўнымі чытачамі нашай сямейнай бібліятэкі.

Так, часы змяніліся. У свае школьныя гады я не расставаўся з кнігай. Бег хутчэй пасля ўрокаў дадому, каб, хуценька паеўшы, акунуцца ў чароўны свет любімых аўтараў і герояў.

Хто ведае, каб тады былі смартфоны і гаджэты, можа і на іх траціў бы свой час, бо там жа можна, не выходзячы з хаты, блукаць па краінах і кантынентах, гуляць у розныя захапляючыя гульні.

Але ці ведаў бы напамяць столькі цудоўных вершаў улюбёных паэтаў, ці мог бы гэдак правільна, без памылак, выкладваць вусна і на паперы свае думкі, не карыстаючыся новамоднымі «чэл», «норм», «бан», «лайк», гэтымі жарганізмамі – «базар», «кідалава», «распіл», «наезд»...

Не любаваўся б ілюстрацыямі да прачытаных твораў, якія станавіліся сапраўднымі шэдэўрамі, бо іх рабілі выдатныя майстры.

І яшчэ многае ўпусціў бы са свайго жыцця, што даюць кнігі і чытанне.

«Чытаць сталі менш», – вымушаны прызнавацца і песімісты, і аптымісты.

І гэта рэальнасць. Тым не менш, выдавецтвы працуюць, пісьменнікі пішуць, у бібліятэках па-ранейшаму бяруць на дом кнігі. І пенсіянеры, і нават школьнікі.

Дык дзе знайсці час на асалоду чытання тым, хто яго не супраць адшукаць?

Не маю гатовых рэцэптаў, але гатовы сам уключыцца ў гэтыя пошукі часу на любімы некалі занятак.

Можа, перагледзець крыху распарадак дня, адкінуць непатрэбныя дробныя заняткі, знайсці суразмоўцаў, з кім можна абмеркаваць прачытанае, паспрабаваць пачытаць цікавы дзіцячы твор разам з унукам, не прапускаць свежыя нумары літаратурных часопісаў, зрабіць святам паход у выхадны ў чытальную залу бібліятэкі...

У кожнага свой шлях, але як ажываюць часам пачуцці ад першага кахання, магчыма і вас наведае радасць і шчасце, высокая асалода. Асалода чытання.

А як навучыць адчуць радасць ад гэтага захапляючага занятку нашых юных грамадзян?

Думаю, што гэта асобная гаворка, але важна, каб мы, дарослыя, маглі падзяліцца ўласным досведам, перадаць свае пачуцці і далучыць малечу да заўжды прыгожага, вечнага і спакушальнага свету сапраўднай літаратуры.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: