З дзяцінства памятаю расповед маёй бабулі, як яна летам сорак першага разам з сям’ёй ратавалася ад наступаючых фашысцкіх войскаў. Гэта было на Шуміліншчыне. Наспех сабраўшыся ў дарогу, пешшу разам з ёй адправіліся яе старэйшая дачка і чатырнаццацігадовы пляменнік – сірата Сямён.
Па дарозе іх нагнала бамбёжка з самалётаў, паніка, падчас якой бабуля апынулася ў нейкай яме, дзе яна праседзела без вады і хлеба па яе адчуванні некалькі сутак. Куды прапалі яе спадарожнікі, старая не ведала, як і тое, дзе яна апынулася. Да таго ж, прастудзілася і захварэла. Маю бабулю падабралі зусім незнаёмыя людзі, прыюцілі, сагрэлі і сталі шукаць яе родных, і – цуд – гэта ўдалося!
Так мае родныя апынуліся ў прыволжскай вёсцы, дзе зліліся з эвакуіраванымі і перажылі вайну да самага вызвалення Беларусі ад акупантаў.
Нездарма кажуць, што бяда збліжае людзей, робіць іх больш спагадлівымі і чулымі. Не раз у мы ў сваім жыцці сутыкаліся з прыкладамі высакародных учынкаў з боку тых, хто неабыякава паставіўся да праблем блізкіх, хто гатовы быў падставіць сваё плячо падтрымкі і спагады.
Гэта праявілася і падчас успышкі масавай хваробы каранавірусу, якая ахапіла правінцыі Кітая і пачала распаўсюджвацца і на грамадзян іншых краін. Усім маім землякам вядома, што Беларусь адразу накіравала гуманітарныя грузы ў гэтую краіну, простыя людзі і арганізацыі выказваюць падтрымку пацярпелым і тым, хто зараз праходзіць каранцін.
А ў паэта Міколы Мятліцкага нарадзіліся такія радкі:
Але, на жаль, свет сутыкнуўся і з іншай рэакцыяй. Уявіць, што людзі могуць закідваць камянямі ні ў чым не вінаватых людзей, нават не хворых, хто накіроўваецца ў аўтобусах на прафілактыку і каранцін, як гэта было нядаўна ў нашых украінскіх суседзяў і пра што даведаўся ўвесь свет, было, здаецца, проста немагчыма.
Людзі перакрывалі дарогі, ладзілі барыкады, каб не пусціць сваіх землякоў, эвакуяваных з заражоных кітайскіх тэрыторый, якім проста трэба было прайсці медыцынскае даследаванне і маральную рэабілітацыю.
Гэта, на жаль, было, якія б аргументы ў апраўданне не выказвалі ўдзельнікі тых падзей. І ў гэтым праявіліся, на жаль, масавы эгаізм і бяздушнасць, якія, магчыма, не ў такой крайняй меры, але сталі не адзінкавымі ў нашым жыцці.
Кажуць, вялікае пачынаецца з малога. Давайце паглядзім, наколькі, часам, бываем талерантнымі і спагадлівымі мы да сваіх блізкіх.
Прыгадваецца выпадак, як грамадзяне аднаго са шматкватэрных дамоў масава выступалі супраць будаўніцтва пандуса для суседа-інваліда, як ніхто з суседзяў не заступіўся за бацьку аднаго з хлапчукоў, які заахвочваў свайго сына, каб той фізічна распраўляўся са сваім равеснікам.
А ці не сустракаліся мы са сваркамі і абразамі ў грамадскіх месцах, з канфліктамі і прымяненнем фізічнай сілы паміж пешаходамі і аўтамабілістамі?
І хай гэта толькі нібыта адзінкавыя выпадкі лакальнага характару, праявы чэрствасці, абыякавасці да праблем людзей, якія патрабуюць увагі і дапамогі, ды і проста да тых, хто побач, насцярожвааюць.
“Чужой бяды не бывае”. Думаю, не раз мы сустракаліся ў жыцці з такім выслоўем. Кожны з нас, напэўна, можа расказаць пра сотні высакародных учынкаў, пра тое, як людзі прыходзілі адзін аднаму на дапамогу, як чужая бяда станавілася агульным клопатам.
І таму на гэтым фоне асабліва абураюць іншыя прыклады. Прыклады, якія павінны прымусіць задумацца над тым, што асабістыя дабрабыт і спакой не могуць дасягацца за кошт няўвагі і варожасці да іншых людзей, што заставацца чалавекам варта ў любой сітуацыі.