Падзяліцца:
«Роздум. Чытаем класікаў!» Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.09.2022
«Роздум. Чытаем класікаў!» Радыёблог Навума Гальпяровіча

Ці патрэбна нам сёння класічная літаратура? Здаецца, пытанне досыць недарэчнае, але ў сённяшнім вірлівым часе, калі новыя тэхналогіі, інтэрнэтнае і лічбавае панаванне ў галовах некаторых сучаснікаў адсоўвае на другі план мастацкае слова, тую асалоду і патрэбу ў чытанні добрых кніг, якая выхоўвала высокія маральныя якасці ў многіх людзей, яно не-не ды ўзнікае. І, нажаль, знаходзіць прыхільнікаў погляду, што, маўляў, без гэтага архаізму можна жыць, што сённяшнія стандарты жыцця ўпаўне абыходзяцца без застарэлых, на іх погляд, догмаў і маралі, што ўтрымліваецца ў класічных літаратурных творах.

Мне даводзілася не раз сутыкацца з тымі, хто не тое, што забыўся са школьнай праграмы, але проста абсалютна, што гаворыцца, «не ў курсе» здабыткаў айчыннай і сусветнай мастацкай літаратуры.

Для некаторых увесь час, які можна было аддаць на чытанне, занялі блогеры і камп’тарныя гульні, віртуальныя «блашыныя рынкі», якія шчодра прапаноўвае інтэрнэтная прастора.

Сёлета споўнілася 140 год нашым славутым песнярам Янку Купалу і Якубу Коласу. Ці не нагода гэта яшчэ раз звярнуцца да іх творчасці і зразумець усю сілу іх таленту, іх актуальнасць, іх высокі покліч.

Праблема зямлі і свабоды, любоў да Бацькаўшчыны і яе мовы, вернасць народным традыцыям, сцвярджэнне высокай справядлівасці – хіба гэта не тое, што трэба нам у жыцці?

Іван Шамякін і Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і Максім Танк, Іван Мележ і Алесь Адамовіч – творы гэтых класікаў айчыннай літаратуры сцвярджаюць тыя маральныя каштоўнасці, якія патрэбны нашаму грамадству. Яны, як і тытаны сусветнай класікі Леў Талстой, Фёдар Дастаеўскі, Міхаіл Булгакаў, Ліліяна Войніч, Віктор Гюго не толькі лечаць душу, яны ўздымаюць высокія памкненні і пачуцці, так неабходныя для станаўлення асобы.

І тут зноў адвечнае пытанне – ці павінна літаратура выхоўваць, ці проста адлюстроўваць глыбока індывідуальны ўнутраны свет асобы, яго жаданні і памкненні. На мой погляд, пытаннне толькі ў тым, наколькі багаты гэты ўнутраны свет аўтара, наколькі яго маральныя каштоўнасці адпавядаюць высокі ідэалам чалавецтва, гуманізму і справядлівасці.

Узгадваюцца словы яшчэ аднаго класіка, які сцвярджаў, што ўсяму добраму ў сабе ён абавязаны кнігам.

Камерцыйная, танная літаратура не можа, ды і не ставіць задачу выхаваць у асобе высокія маральныя якасці, навучыць чалавека думаць, супастаўляць, разважаць, шукаць адказы на пытанні, якія ставіць час.

І не трэба саромецца рэкамендаваць сапраўдную высокую літаратуру для чытання не толькі ў школах на ўроках і факультатывах, але і ў сродках масавай інфармацыі, у бібліятэках і кнігарнях, на шматлікіх сустрэчах з чытачамі.

Вечныя ідэалы, маральныя асновы, якія патрэбны чалавеку і грамадству, перадаюцца ад пакалення да пакалення ў тым ліку і праз літаратуру.

Так што чытайма айчынных і сусветных класікаў і спасцігаем вечныя ісціны і высокія народныя традыцыі!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: