Падзяліцца:
«Роздум. Далучайцеся да свята кнігадарэння!» Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 14.02.2023
«Роздум. Далучайцеся да свята кнігадарэння!» Радыёблог Навума Гальпяровіча

Розныя бываюць святы, прыдуманыя апошнім часам блогерамі і інтэрнэт- карыстальнікамі. Калі пакапацца ў сеціве, то можна знайсці такія святы амаль на кожны дзень календара. З аднаго боку, гэта добра: жыццё ператвараецца нібыта ў суцэльнае свята, або, як сказаў у сваім славутым творы вядомы пісьменнік, “Свята, якое заўжды з табой”.

Я наўмысна не называю імя творцы, бо свята, пра якое я хачу сёння пагаварыць, павінна спрыяць таму, каб людзі ведалі як мага больш літаратурных твораў.

З’явілася яно не так даўно, усяго сем гадоў таму, дзякуючы простаму пытанню аднаго хлопчыка: “Чаму ў календары няма дня, у які людзі маглі б дарыць адзін аднаму кнігі, даваць іх адно аднаму проста так?”

Па шчаслівай выпадковасці маці хлопчыка была аўтарам дзіцячага сайта. І выйшла з такой ініцыятывай праз сацыяльныя сеткі. Гэта той выпадак, калі сацсеткі паспрыялі добрай ініцыятыве, якая распаўсюдзілася праз інтэрнэт па ўсім свеце.

Я, узгадваючы сваё дзяцінства, нават пазайздросціў сучаснай дзятве, бо мая маленькая хітрасць запрашаць на свой дзень народзін аднакласнікаў была выклікана ў першую чаргу жаданнем, каб яны прынеслі мне ў гэты дзень у падарунках кнігі, бо якраз на маёй этажэрцы іх было небагата. І хоць я амаль кожны дзень бегаў у бібліятэку, вельмі хацелася мець кніжку дома.

Думаецца, што ініцыятыва дарыць кнігі распаўсюдзіцца і на дарослых. І зноў сацсеткі могуць прыйсці на дапамогу, бо лёгка знайсці сяброў, якія таксама святкуюць Міжнародны дзень дарэння кніг.

Марыцца, каб чытанне кніг стала зноў папулярным заняткам, каб людзі крыху адарваліся ад экранаў смартфонаў і гаджэтаў і адчулі радасць ад шэлеста старонак папяровага кніжнага тома.

Па меры магчымасці далучацца да добрай справы і нашы журналісты. У Facebookу у панядзелак, у Міжнародны дзень радыё на канале “Культура” прайшла інтэлектуальна-пазнавальная віктарына “Пяць пытанняў пра “Культуру”. На працягу дня ў групе размяшчаліся пытанні, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці нашай радыёхвалі.

Вынікі падвядзём сёння, менавіта ў Міжнародны дзень дарэння кніг. Самыя актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымаюць у падарунак друкаваны зборнік.

Дарэчы, чытаць і дарыць кнігі больш адпавядае нашаму менталітэту некалі найбольш чытаючай нацыі, чым любоўныя пакуты Валянціна і разавыя прызнанні ў сімпатыі сваім абраннікам, якія не столькі чакаюць аднадзённыя валянцінкі, а мараць пра сапраўднае каханне на гады.

У мяне асабіста ёсць каму дарыць кнігі – майму васьмігадоваму ўнуку і яго 45-гадаваму бацьку. І зраблю я гэта з задавальннем.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: