Падзяліцца:
«Роздум. Дарагія сведкі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.12.2021
«Роздум. Дарагія сведкі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Часам, як пісаў класік, у гадзіны роздуму я падыходжу да запаветнай кніжнай паліцы і здымаю дарагія тамы з дарчымі надпісамі. Вось кніга пра «чырвонага генерала» Ігнацьева, якую мне падарыў на дзень нараджэння аднакласнік Валодзя Казлоў. Вучыліся мы разам у чацвёртым класе, і гэта быў мой першы дзень народзін, на які дазволіла мама запрасіць блізкіх сябрукоў.

Ва ўспамінах адразу павеяла дзяцінствам, пахам маміных піражкоў і духмянага чаю. А вось кніга «Гродна» з надпісам «вучню 4-б класа полацкай школы №9 –пераможцу конкурса на лепшае сачыненне пра наш горад». Так здарылася, што на канікулах я гасцяваў у цётухны ў Гродна, і зайшоўшы ў дзіцячую бібліятэку, даведаўся пра гарадскі конкурс. Рашыў таксама прыняць удзел, і вось ужо ў Полацку атрымаў бандэроль з памятным падарункам.

А ў шуфлядзе стала на ганаровым месцы ліст ад Маршака, паштоўкі ад Янкі Брыля, Сяргея Грахоўскага, адказы з рэдакцый на мае першыя спробы пяра.

Нібы ў захапляючай кінастужцы гэтыя нямыя сведкі часу вяртаюць шчаслівыя хвіліны мінулага, навейваюць цёплыя ўспаміны.

Таму вельмі ўзрушыў аповед калегі, які расказаў, што, гартаючы кнігі ў букіністычнай краме, знаходзіў экземпляры з душэўнымі подпісамі былым гаспадарам тамоў. І няважна, што гэта рабілі не заўсёды знакамітасці, а сябры, каханыя, блізкая радня.

Ведаеце, гэта як частку ўласнага жыцця адправіць у нябыт!.. Можа гэта надта гучна і пафасна гучыць, але ж гэта так. Я разумею, што былі розныя прычыны: рамонт, пераезд, абнаўленне інтэр'еру, але ці не шкада такіх сведкаў цёплых і шчырых адносін, людской любові і павагі?

Ды, дзякуй Богу, не на сметнік усё ж выкінулі, як гэта, на жаль, апошнім часам здараецца. Мне ўжо даводзілася гаварыць пра цэлыя хатнія бібліятэкі, выкінутыя гаспадарамі на сметнік.

«Мы новыя людзі», – скажуць мне, – «дваццаць першае стагоддзе дыктуе іншыя прыярытэты».

Так, кнігі, перапіску замяніў інтэрнэт. Так, старыя здымкі можна адлічбаваць, так, папера можа жаўцець ад часу, а ад старых кніг вее пылам…

А падзяліцца запаветнымі думкамі з тысячамі «фрэндаў» можна ў тым жа фэйсбуку.

Але ці не губляем мы нешта значнае, нешта істотнае, адмаўляючыся ад сведкаў падзей нашага жыцця, ад бацькавых ці дзедавых медалёў, ад іх салдацкіх трохкутнікаў з франтавых акопаў, ад любімых маміных рэчаў у запаветных шуфлядах, ад калектыўных здымкаў былых першакласнікаў з любімай настаўніцай у цэнтры, ад аматарскага няякаснага відэа з выпускнога вечара ў школе?

І справа не толькі ў мэтазгоднасці, а размова і роздум пра тое, што крыніца многіх нашых праблем у такіх вось халодных, спажывецкіх адносінах да ўласнай памяці, ад нежадання задумацца аб тым, што перадалі нам нашы папярэднікі, ад нібыта палёгкі ад занядбання ранейшых маральных пастулатаў, ад жадання не заўважаць боляў і праблем блізкіх людзей.

Не ведаю, як хто, але я не хачу развітвацца з дарагімі мне рэчамі, якія нагадваюць мне пра родных і блізкіх людзей, пра памятныя падзеі ў маім жыцці, пра наш незабыўны час і ўрэшце гісторыю краіны і народа.

Хацелася, каб гэта перадалося таксама і дзецям, і ўнукам.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: