Вясна ў мой родны Полацк прыходзіла не толькі з першымі сонечнымі праменнямі, свежым дыханнем лёгкага ветрыка, але і з вясёлымі гульнямі “ў біткі”, калі хлапчукі выносілі з хат чырвоныя велікодныя яйкі, а жанчыны дзяліліся з суседкамі ўсякімі прысмакамі, а мужыкам дазвалялася ўзяць святочную чарку.
І хоць час быў атэістычны, і ў царкву хадзіць было для многіх небяспечна, Вялікдзень святкаваўся шырока і адкрыта.
У гэтыя дні свята закранала ўсе канфесіі, якія былі ў горадзе. Пачастункаў хапала і на Пейсах, і на каталіцкую пасху, і на праваслаўны Вялікдзень. І суседзі, малыя і дарослыя, ласаваліся і мацой, і клёцкамі, і вэнджанымі, “пальцам піханымі” каўбасамі.
Гэтае адчуванне свята для многіх маіх равеснікаў звязана з гэтымі рамантычнымі дзіцячымі ўспамінамі, калі яно аб’ядноўвала нас, вернікаў і атэістаў, крыху таямнічым і ад гэтага нават салодкім адзінствам.
Сёння велікодныя святы праходзяць адкрыта і з размахам, іх транслююць радыё і тэлебачанне, яны займаюць старонкі газет і інтэрнэт-прастору.
Ды сёлета на іх наклалася сусветная пандэмія, якая прымушае людзей асцерагацца, хвалявацца за блізкіх і родных, за ўласнае здароўе. І тут вельмі патрэбна не згубіць гэтае адчуванне ўнутранай узвышанасці, думак пра духоўнасць і спрадвечныя ідэалы.
Дарэчы, на гэты тыдзень выпаў і міжнародны Дзень культуры, калі ўвесь свет звяртаецца да скарбонак мастацтва, культурных здабыткаў чалавецтва.
А ў суботу – яшчэ адно свята, звязанае з духоўнасцю – Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў.
Міжнародны дзень музеяў адзначаюць у больш як 150 краінах. Зараз у Беларусі дзейнічае каля 160 музеяў, сярод якіх гістарычныя палацава-паркавыя ансамблі і сярэднявечныя замкі, сядзібы і дамы вядомых асоб, а таксама ўтульныя тэматычныя міні-галерэі. За мінулы год яны прынялі звыш шасці мільёнаў гасцей.
Гэта таксама своеасаблівы напамін пра тое, чым ганарыцца і што каштоўна для чалавецтва, што разам з верай фарміруе пачуццё годнасці, прыналежнасці да вечных ісцін і высокіх пастулатаў.
І хоць у гэтыя дні масавыя мерапрыемствы і экскурсіі абмежаваныя ці адмяняюцца, радыё, тэлебачанне, інтэрнэт дае магчымасць не адарвацца ад далучэння да музейных экспазіцый, спектакляў і цікавых падарожжаў, кніг і фільмаў – усяго таго, што напаўняе наша жыццё сапраўдным мастацтвам.
І тут дасягненні ХХІ стагоддзя дапамагаюць нам у рэжыме анлайн быць разам на канцэртах і ў чытальных залах, музейных залах, а таксама ладзіць такія важныя і патрэбныя акцыі, як наша сацыяльна-культурная эфірная акцыя «Творчасць у імя будучыні».
Што ж, у такія часы, як зараз, мастацтва, уласная гісторыя, духоўнасць ёсць тыя незаменныя лекі і адчуванне трываласці, якія так неабходныя, каб супрацьстаяць страху і паняверцы, адчаю ці роспачы.