Падзяліцца:
«Роздум. Для роднага люду». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.08.2020
«Роздум. Для роднага люду». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Здавалася б, імя нашага першадрукара Францыска Скарыны вядомае і шануецца кожным беларусам. Ды, здаецца, нялішнім будзе нагадаць, што менавіта ў жніўні мы адзначалі нараджэнне першай друкаванай беларускай кнігі, пачатак якой паклаў наш славуты зямляк.

Менавіта ў жніўні 1517 года з'явілася на свет гэтая кніга – «Псалтыр». «Псалтыр» у тыя часы быў «дзецям малым пачатак добрай навукі, дарослым памнажэнне ў навуцы. Па «Псалтыры», як па падручніку, вучыліся чытаць і пісаць.

Калі ўлічыць, што навука і пісьменнасць былі прэрагатывай, скажам так, вышэйшага маёмаснага і сацыяльнага слою грамадства, выдавецкая дзейнасць Скарыны дазваляла істотна пашырыць гэта кола, бо яна адрасавалася да простага, паспалітага люду.

Кніга Скарыны выйшла ў свет раней за нямецкую Біблію Лютэра і на 47 гадоў апярэдзіла выданні Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца.

Асаблівасць выдавецкай і асветніцкай дзейнасці першадрукара ў тым, што яго кнігі не насілі толькі чыста царкоўны характар. Ён казаў пра тое, што гэтыя кнігі патрэбныя дома, патрэбныя ў дарозе для асабістага ўдасканальвання.

У мінулым годзе імя слыннага беларуса адзначалася ва ўсім свеце, але варта нагадаць, што сто гадоў таму пра Скарыну фактычна не ведаў ніхто. Толькі дзякуючы намаганням даследчыкаў, літаратараў, журналістаў яго імя пачало вяртацца да нашчадкаў. Цяпер толькі ў нашай краіне выдадзена нямала кніг, манаграфій, альбомаў, прысвечаных беларускаму першадрукару.

Ды ўсё ж на гэтым спыняцца рана. Выдатны дзеяч еўрапейскага адраджэння пакінуў яшчэ шмат загадак, шмат цікавага, што можна яшчэ даведацца пра яго жыццё і дзейнасць, дапоўніць яго вобраз.

На мой погляд, важна, каб Скарына стаў больш цікавым для дзяцей і моладзі, каб яго вобраз паўставаў больш жывым, даступным для разумення.

У сваіх кнігах, сваёй дзейнасцю наш славуты зямляк сцвярджаў ідэі гуманізму, людскасці, навукі, асветы. Сёння нам, здаецца, варта яшчэ раз усвядоміць, што слова, прамоўленае або напісанае, можа несці стваральную або разбуральную энергію.

Скарына ў сваіх прадмовах заклікаў да любові да сваёй роднай зямлі, да таго месца, да якога ён, па яго прызнанні, «ласку вялікую мае». Ён выступаў супраць зла, насілля, людскіх грахоў. Каментуючы святое пісанне, ён сваімі словамі тлумачыў высокія ідэі, закладзеныя ў ім.

Гэтыя ідэі актуальныя і ў наш няпросты час, і павінны паслужыць, як і ў часы Скарыны, людзям добрым для павучэння і самаўдасканальвання, напамінам пра светлыя і высокія ісціны дабрыні і згоды.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: