Падзяліцца:
«Роздум. Дом дружбы...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.04.2021
«Роздум. Дом дружбы...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Гэты прыгожы будынак на вуліцы Захарава ў Мінску ведаюць многія. І не толькі беларусы.

Дом дружбы…

Мне не раз даводзілася ўдзельнічаць у вечарынах, якія праходзяць у прасторнай маляўнічай зале гэтага ўтульнага дома і якія збіраюць людзей розных нацыянальнасцяў, прадстаўнікоў розных краін і народаў.

«Мы промні зорнай службы.
Нам верыцца здаля,
Што стане Домам дружбы ўся Зямля» – гэта гімн установы, словы для якога напісаў вядомы паэт Сяргей Панізнік.

Дом дружбы – цэнтр Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.

Утворана гэтая грамадская арганізацыя ў красавіку 1926 года. Квінтэсэнцыяй той вялікай і ганаровай ідэі, што пакладзена ў аснову яго дзейнасці, як адзначаецца на афіцыйным сайце таварыства, з’яўляецца папулярызацыя духоўных і культурных здабыткаў беларускага народа, мацаванне мастоў добрасуседства і сяброўства з іншымі народамі свету.

Ля вытокаў яго стварэння стаялі слынныя прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі – Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Міхась Чарот...

Ужо ў самыя першыя гады таварыствам былі ўстаноўлены кантакты з такімі вядомымі культурнымі цэнтрамі, як Венская нацыянальная і Нью-Йоркская публічныя бібліятэкі, Парыжскі інстытут славяназнаўства, Рымскі інстытут вывучэння Усходняй Еўропы.

Па запрашэнню таварыства ў той час Беларусь наведалі індыйскі паэт і філосаф Рабіндранат Тагор, амерыканскія кінаакцёры Мэры Пікфард і Дуглас Фербенкс, дэлегацыі грамадскасці Бельгіі, Галандыі, Чэхіі, Фінляндыі. З нашай рэспублікай пачалі актыўна знаёміцца жыхары Аўстрыі, Германіі, Францыі, Нарвегіі, Швецыі, Кітая.

У пасляваенны перыяд дзейнасць Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі набыла новую якасць. Вядомыя ў свеце прадстаўнікі не аднаго пакалення інтэлігенцыі – Ларыса Александроўская, Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Максім Танк, Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Марыя Захарэвіч, Георгій Паплаўскі і многія-многія іншыя прадоўжылі высакародную справу ўзаемапазнання культур і народаў свету.

Сёння ў складзе таварыства дружбы звыш 40 суполак, якія наладжваюць сяброўскія стасункі з рознымі замежнымі краінамі; дзясяткі партнёраў за межамі краіны, што садзейнічаюць папулярызацыі там беларускай культуры. А ў самім Доме дружбы на самых розных мовах гучаць вершы, спяваюцца песні, наведвальнікі знаёмяцца з адметнасцямі, геаграфіяй, эканомікай розных краін, выступаюць дыпламаты, прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі.

Цесныя стасункі ў арганізацыі з пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі. З Кітаем звязаны тэмы «Адзін пояс – адзін шлях» і «Чалавецтва адзінага лёсу».

Адным з цікавых праектаў таварыства з'яўляецца праект «Параднёныя гарады». 36 беларускіх гарадоў маюць пабрацімаў – іх больш за 300. Пабрацімства мае пад сабой сувязь школ, прадпрыемстваў, простых людзей.

І ўсё ж галоўнае, на мой погляд – гэта пазіцыяніраванне Беларусі ў свеце, захоўванне духоўных сувязяў з былымі савецкімі рэспублікамі, з краінамі далёкага замежжа.

НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ ЗДОЛЕЛА ЗАЯВІЦЬ АБ САБЕ ЯК КРАІНА З АДМЕТНАЙ, БАГАТАЙ І РАЗНАСТАЙНАЙ КУЛЬТУРАЙ. І сёння гэта важна захаваць, каб у наш няпросты час множыць тое лепшае, што стваралі нашы папярэднікі, што ствараецца сёння.

І тут перад таварыствам, якое аб'ядноўвае зацікаўленых неабыякавых людзей, патрыётаў сваёй краіны – шырокае поле дзейнасці.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: