Падзяліцца:
“Роздум. Духоўны скарб продкаў”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 01.04.2020
“Роздум. Духоўны скарб продкаў”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Некаторыя даты нашай гісторыі яскрава сведчаць пра багацце культурнай спадчыны беларускай зямлі, абвяргаюць некаторыя стэрэатыпы і меркаванні, асабліва што тычацца гісторыі культуры і адукацыі ў нашым краі.

Роўна дзвесце гадоў таму ў Полацку перастала існаваць унікальная бібліятэка Езуіцкай акадэміі, першай вышэйшай навучальнай установы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Па падліках навукоўцаў, у кнігазборах акадэміі налічвалася больш 120 тысяч тамоў літаратуры – навуковай, мастацкай, даведачнай і іншай. Прычым з усяго свету і на самых розных мовах. Гэта было значна больш, чым ва ўніверсітэтах Расійскай Імперыі таго часу. Пасля рашэння аб закрыцці акадэміі яе бібліятэка была часткова разрабаваная. Рабаванне было спынена прызначанай пазней камісіяй. Найбольш цікавыя і каштоўныя кнігі з акадэмічнага кнігазбору сёння можна ўбачыць у зборах бібліятэкі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але даволі вялікая колькасць кніг з Полацкай акадэміі маецца і ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Калі ж гаварыць увогуле пра тое, як ставіліся да кнігі на нашых землях, варта ўзгадаць толькі некалькі яскравых фактаў.

Возьмем, да прыкладу лёс бібліятэкі заснаванага ў пятнаццатым стагоддзі Жыровіцкага манастыра. Бібліятэка была заснавана праваслаўнымі магнатамі Солтанамі і пазней была падорана духоўнай абіцелі. У сярэдзіне васемнаццатага стагоддзя жыровіцкі кнігазбор становіцца адным з буйнейшых манатырскіх бібліятэк у ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Сёння ў бібліятэцы 30 тысяч адзінак кніжнага фонда. Захоўваюцца кнігі на англійскай, французскай, італьянскай, нямецкай і іншых мовах, старадрукі XVI-XVIII стагоддзяў.

Вялікую цікавасць уяўляла бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора, якая існавала з сярэдзіны XI стагоддзя, папаўнялася ў XII стагоддзі Ефрасінняй Полацкай. Бібліятэка была разрабавана падчас Лівонскай вайны 1558-1583 гадоў.

Як лічаць даследчыкі, вывезеныя з Полацка кнігі былі падзелены на часткі. Адна з іх трапіла ў Кракаў, у каралеўскую бібліятэку, другая частка перайшла да магната Яна Замойскага.

Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве захоўваюцца дзесяць рукапісаў з полацкай бібліятэкі на славянскай мове.

Што ж, так сталася, што многія каштоўныя сведчанні нашай мінуўшчыны знаходзяцца за межамі нашай краіны. Некаторыя паступова, дзякуючы дзяржаве і энтузіястам, вяртаюцца на радзіму, папаўняюць фонды музеяў і бібліятэк.

У цяперашні час у галоўнай нашай бібліятэцы – Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – захоўваецца каля 70 тысяч старадрукаў, рукапісных кніг і рэдкіх выданняў. З іх можна, безумоўна, выдзеліць адзіны ў Беларусі збор выданняў Францыска Скарыны – выпускі Бібліі, выдадзеныя ў Празе ў 1517-1519 гадах.

Так, нашы продкі былі адукаванымі людзьмі, шанавалі і цанілі кнігу. Гэта абвяргае ранейшыя заявы вульгарных гісторыкаў аб нібыта цемры і неадукаванасці тутэйшага люду.

Унікальныя рарытэты, пра якія я вёў гаворку, робяць нас духоўнымі нашчадкамі нашых далёкіх продкаў, выклікаюць пачуццё гонару за свой край, жаданне памнажаць духоўныя здабыткі Бацькаўшчыны.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: