Аднойчы напісаўся такі верш. Працытую яго , бо ён кароткі:
Душа сумуе па душы.
Як неабходна ім сумоўе,
Нібы каханне ці здароўе,
Нібы само жаданне жыць.
Як гэта трэба , каб цябе
Мог нехта выслухаць зычліва!. .
Так прагне промня сонца ніва ,
Так прагне снегу санак бег,
Вясну так мрояць капяжы,
Так б’юць з падземных вод крыніцы…
Душа сумуе па душы,
Каб ціхім шчасцем наталіцца.
Я думаю гэтае адчуванне знаёма многім , бо патрэба мець сяброў, блізкіх, каму можна паспавядацца, з кім параіцца, і часам проста разам памаўчаць – натуральны стан большасці людзей. Асабліва гэтае пачуццё абвастрылася падчас нялёгкіх выпрабаванняў віруснай атакі на чалавецтва, калі многія людзі адчулі адзіноту і страцілі на час магчымасць мець жывыя кантакты з жаданымі людзьмі.
Для некаторых гэты дэфіцыт жывых стасункаў замяніў інтэрнэт. Але, прызнайцеся , наколькі надзейныя і прадказальныя ў гэтым бязмежным сеціве нашы так званыя “фрэнды”? І наколькі могуць быць душэўнымі і шчырымі стасункі, сведкамі якіх з’яўляюцца тысячы незнаёмых людзей.
І раптам атрымліваецца, што словы, выхапленыя з кантэксту, тыражуюцца і падвяргаюцца абмеркаванню, калі можна пачуць на адрас любога карыстальніка сеціва абразы, лаянку, ды прачытаць такія словы, што ў свой час нават хуліганы саромеліся пісаць на плоце.
На гэты роздум мяне навёў артыкул вядомай нашай журналісткі ў адной з цэнтральных газет. Яна прыводзіць выказванне калегі з амерыканскай прэсы , што багатымі сёння трэба называць тых, у каго ёсць сябры, з кім можна разам правесці шчаслівы вечар. Яна расказала пра 68-гадовага амерыканскага пенсіянера, адзіным і лепшым сябрам якога з’яўляецца кот, намаляваны на планшэце. Цуды камп’ютарызацыі дазваляюць намаляванаму кату нават размаўляць са сваім гаспадаром.
Я тут жа ўзгадаў уласнага ўнука, для якога жаданне мець планшэт і праводзіць у ім час сутыкаецца з насцярожанасцю бацькоў, і маёй таксама. Не хацелася б, каб віртуальныя сябры станавіліся для малога даражэй за гульні і стасункі з равеснікамі і дарослымі.
Амерыканскі нацыянальны інстытут здароўя правёў даследаванне, у якім прынялі ўдзел 11 тысяч дзяцей. І высветлілася:калі дзеці праводзяць у смартфонах і планшэтах дзве гадзіны ў дзень,іх адзнакі па прапанавых тэкстах пагаршаюцца. У ногіх нават мяняецца структура мозга. А ў дарослых доўгае знаходжанне ў інтэрнэце можа нават выклікаць праявы дэпрэсіі.
Гэты свой тэкст, перад тым як агучыць, я пісаў на камп’ютары. Тут ён якраз патрэбны і незаменны памочнік. Ды і для агульнага развіцця знаёмства з навінамі і цікавымі звесткамі неабходныя.
А ў астатнім... Некаторыя ўжо сталі старацца да мінімуму зводзіць знаходжанне ў віртуальным свеце. Зноў вяртае сваё былое значэнне добрая кніга ўвечары, ціхае баўленне часу на тэрасе ці ў дачным доміку пасля рабочага дня, няспешная гутарка за духмянай гарбатай.
Будзем верыць, што ўсё наноснае і часовае мінецца , што застануцца з намі традыцыйныя любімыя звычкі і традыцыі.
Душа сумуе па душы.