Памятаю першае сваё пачуццё, калі на ўскраіне Капенгагена мы з калегамі стаялі ля славутага помніка Русалачцы. Тут, на радзіме сусветна вядомага казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсена, гэты помнік – не проста даніна павагі творчасці земляка, гэта сімвал чалавечай любові і адданасці.
Хто не памятае з дзяцінства кранальную гісторыя пра русалку, пра яе ахвярнасць і вернасць?
Ганс Хрысціян Андэрсен – вялікі дацкі паэт і празаік, чыя творчасць навечна ўвайшла ў залаты фонд сусветнай культуры. Яго жыццё – подзвіг чалавека і пісьменніка, які пяцьдзясят гадоў прысвяціў творчай рабоце. Літаратурная спадчына Андэрсена надзвычай вялікая, але сусветную вядомасць яму прынеслі казкі, зрабілі яго імя шырока вядомым за межамі Даніі.
Яго называюць вялікім казачнікам, і, бадай, няма такой сям' і, дзе б дзецям не чыталі яго казак.
Красавік і дзіцячая кніга самым цесным чынам звязаны з імем гэтага чалавека. Менавіта другога красавіка 1805 года ў горадзе Адзенсе на востраве Фюн нарадзіўся будучы пісьменнік.
Штогод у красавіку праходзіць тыдзень дзіцячай кнігі, і сёлетні год не выключэнне. І ў час, калі свет змагаецца з віруснымі інфекцыямі, добрая кніга, казка – таксама лекі і прафілактыка.
У час канікул важна, каб сярод розных забаў і гульняў знайшлося месца для чытання, тым больш, што пісьменнікі і кнігавыдаўцы прымеркавалі да гэтых дзён нямала кніжных навінак.
Прынамсі, выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў серыі “Школьная бібліятэка” выпусціла ў свет накладам 27 000 экзэмпляраў зборнік паэтычных твораў “І сэрцам, і думамі”.
Пад адной вокладкай кнігі, выпуск якой ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, сабраны тыя паэтычныя творы, якія рэкамендаваны для вывучэння ў IX класе агульнаадукацыйнай школы: “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, вершы Францішка Багушэвіча, паэма “Бандароўна” і вершы Янкі Купалы, паэма “Новая зямля” і вершы Якуба Коласа, вершы Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Яўгеніі Янішчыц.
Як адзначаецца ў анатацыі, падбор паэтычных адкрыццяў настолькі цікавы, грунтоўны, настолькі важкі, што неўпрыкмет цягне ўзгадаць кожны твор, перачытаць літаральна ўсе паэтычныя радкі, і нават у тым выпадку, калі і вывучаў у школе беларускую літаратуру. Дзяржаўная праграма “Школьная бібліятэка”, у якой за гады існавання серыі болей як за паўвека рэалізаваны праекты па выданню сотняў кніг мастацкай літаратуры, разлічана на папаўненне бібліятэк агульнаадукацыйных школ.
У кнізе – роднае беларускае слова, родныя вобразы і сімвалы, родныя краскі, само жыццё народа Беларусі ў паэтычным выяўленні геніяльных майстроў, геніяльных мастакоў.
Адмысловая серыя “Школьная бібліятэка” існуе з 1955 года. Атрымліваецца, што сёлета – 55-гадовы юбілей гэтага ўнікальнага праекта, якія праз увесь час свайго існавання падтрымліваўся і падтрымліваецца дзяржавай.
Безумоўна, сёння дзяцей цікавіць не толькі кніга. Шмат спакус прадстаўляе інтэрнэт, мультфільмы.
Але роля кнігі ў жыцці чалавека па-ранейшаму адыгрывае вельмі важную ролю. Якія б вынаходніцвы ні дарыў наш тэхнагенны час, без добрай кнігі жыццё страчвае многа карыснага і павучальнага.
Давайце пажадаем нам і нашым дзецям шчаслівых спатканняў з цікавымі творамі, сапраўднай асалоды ад чытання.