Падзяліцца:
«Роздум. Галасы эпохі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.10.2020
«Роздум. Галасы эпохі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Праз лёгкі шоргат і патрэскванне слухаю глухаваты, з лёгкай хрыпатцой голас:

«Трэба нам песень, як гром перуновы,

Бурных, як тыя паводкі ў прадвесні...»

Янка Купала. Запіс 1934 года. Гэтая ўнікальная стужка з фондаў Беларускага радыё. Сёння яе захоўвае кампакт-дыск, а ўпершыню запіс быў перанесены на магнітную стужку. Супрацоўнікі фондаў адлічбавалі фанаграму на сучасны носьбіт, пакінуўшы арыгінал на спецыяльна абсталяваных стэлажах у Доме радыё на Чырвонай.

Такіх стужак у нас тысячы метраў або больш за дзесяць тысяч гадзін гучання. Цэлая эпоха ў гэтых метрах з галасамі Пятра Машэрава і Ларысы Александроўскай, Якуба Коласа і Петруся Броўкі, рабочых і настаўнікаў, медыкаў і спартсменаў – уся гісторыя нашай краіны.

Уласны архіў Беларускага радыё, якое неўзабаве будзе адзначаць сваё дзевяностапяцігоддзе, пачаў стварацца ў пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя. Сёння гэта 123 тысячы фанаграм.

Уяўляеце, тут, у нашым радыёдоме, можна пачуць галасы Льва Талстога, Сяргея Ясеніна, Максіма Горкага, папулярныя спектаклі, якія гучалі на хвалях радыё ў розныя гады.

Гэтая спадчына створана рупнасцю гукарэжысёраў, майстроў запісу і мантажу, усіх тых, для каго галасы эпохі – найвялікшая каштоўнасць.

Сярод вынаходстваў чалавецтва – магчымасць запісаць і захаваць на стагоддзі гукі, галасы людзей, бадай, адно з самых важных і каштоўных. Маўклівыя здымкі і першыя нямыя кінастужкі не перадаюць цалкам гучанне ветру ці шолах лістоты, пяшчотны голас і шчымлівую мелодыю. Усё гэта здолела захаваць магнітная стужка, а сучасныя тэхналогіі дадалі надзейнасць і трываласць каштоўнаму матэрыялу.

Сёння папаўненне фанатэкі – працэс рэгулярны. І папаўняюцца фонды лепшымі запісамі нашага часу. Усё тое, што гучыць на радыёхвалях, гэта жывы летапіс часу, і самыя яркія старонкі гэтага летапісу застануцца для нашых нашчадкаў.

А за ўсім гэтым стаіць праца і штодзённая творчасць соцень супрацоўнікаў радыё – рэдактараў, каментатараў і спецыяльных карэспандэнтаў, гукарэжысёраў, артыстаў, усіх, хто круглыя суткі забяспечвае эфір. І гэта надае глыбокай адказнасці за ўсё, што гучыць у эфіры, бо як і велічныя замкі, каштоўныя карціны, унікальныя летапісы і друкаваныя кнігі, вуснае слова, песня, музыка – гэта тое, што мы называем спадчынай, тое, што з'яўляецца каштоўным здабыткам нашага часу, тое, што мы пакідаем новым пакаленням, бо як сказаў славуты класік у тым даўнім вершы, які прынесла нам магнітафонная стужка:

«Каб рэхі нясліся па свету абшарах,

І слава грымела прастораў бязмежных...»

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: