Мне пашанцавала, што ў маім дзяцінстве я чуў, як спяваюць летнімі вечарамі жанчыны. Так ужо не спяваюць зараз, хіба толькі за бяседным сталом, або моладзь у гарадскіх дварах пад гітару.
А ў нашым прыгарадным пасёлку пасля працы збіраліся на лавачках суседкі і спявалі. Тады я ўпершыню менавіта ад іх пачуў і “Купалінку”, і “Ой, хацела ж мяне маць...”, і “Зялёную вішню”, якая з пад кораня выйшла…
Так што калі па радыё перадавалі перадачы пра народны фальклор, я адразу ўзгадваў суседак цётку Галю і цётку Ядзю, якія так хораша і душэўна спявалі гэтыя песні.
Людзі спявалі, танчылі, малявалі ў самыя цяжкія часы – у вайну, недарод, іншыя навалы, якія выпадалі на іх лёс.
Неверагодная сіла мастацтва трымала і давала сілы, мужнасць і стойкасць.
Колькі цудоўных песень нарадзілася ў суровыя гады Вялікай Айчыннай. Людзі на фронце і ў тыле спявалі і “Кацюшу” і “Аганёк”, і “Цёмную ноч”, і “Ой, бярозы і сосны”.
А вершы… Неўміручыя купалавы радкі, “Жди меня” Канстанціна Сіманава, вершы Аляксандра Твардоўскага, нашых Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Міколы Сурначова…
Песні і вершы дапамагалі і стваралі настрой, давалі сілы на барацьбу і трываласць.
Аказваецца, гэта вельмі важна і неабходна, асабліва, калі на сэрцы трывога і роспач, калі трэба падняцца над сваімі змрочнымі думкамі, адчуць прыліў стваральнай энергіі і духоўнай сілы.
Гэта мы назіраем і цяпер, калі ў свеце бушуе вірусная ліхаманка, калі людзі шукаюць апірышча і трываласць. Сёння медыкі, як тыя салдаты на франтах, ідуць у бой за перамогу над нябачным, але вельмі каварным і агрэсіўным ворагам.
І тут на дапамогу прыходзіць мастацтва.
Менвіта таму наша радыё аб’явіла акцыю “Творчасць у імя будучыні”. Мэтай акцыі з’яўляецца аб’яднанне намяганняў па падтрымцы ўсіх, хто ў гэтыя дні супрацьстаіць эпідэміялагічным выклікам і хто апынуўся ў няпростай жыццёвай сітуацыі.
У рамках акцыі ўпершыню ў відэафармаце сабраліся і ўдзельнікі рэспубліканскага творчага конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”.
За ходам акцыі вы можаце сачыць, слухаючы нашы праграмы.
Да мастацкіх акцый, відэачытанняў класікі і сучасных пісьменнікаў падключыліся творчыя саюзы, бібліятэкі, сродкі масавай інфармацыі, асобныя творцы.
Даць сілы і трываласці дапамагаюць творы Караткевіча і Шамякіна, Быкава і Панчанкі, сучасных аўтараў.
Слова – таксама зброя і лекі, магутныя па ўздзеянні, гатовыя абараніць і падтрымаць.
Мы яшчэ раз адчуваем, наколькі патрэбна нам у паўсядзённым жыцці сапраўднае мастацтва, як яно прыходзіць на дапамогу ў складаны і нялёгкі час.