«Культура – скрэпа народаў планеты па-за часам і прасторай», – так напісаў у прадмове да літаратурнага альманаха «Казахстан – Беларусь» Пасол Рэспублікі Казахстан у нашай краіне Аскар Бейсенбаеў. Менавіта па ініцыятыве пасольства ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску адбылася прэзентацыя гэтага ўнікальнага выдання.
Асаблівасць яго ў тым, што матэрыялы ў ім прадстаўлены на беларускай, казахскай і рускай мовах. Раздзелы перакладаў, прозы і паэзіі ўтрымліваюць тэксты беларускіх і казахскіх аўтараў — Абая Кунанбаева, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Олжаса Сулейменава, сучасных беларускіх і казахстанскіх аўтараў. У яго ўвайшлі творы сямідзесяці паэтаў і пісьменнікаў абодвух краін. Адметнасць прэзентацыі надаў удзел аўтараў і ўкладальнікаў у анлайн-трансляцыі і магчымасць весці непасрэдную гаворку ў рэжыме рэальнага часу паміж Нурсултанам і Мінскам.
Як адзначалі ўдзельнікі гэтай гаворкі – літаратура ёсць часткай сусветнай культурнай спадчыны, найбольш багатай, дзякуючы якой яна пранесла праз бяздонне часу памяць пра ўсе віды духоўнага і культурнага жыцця тысяч пакаленняў Зямлі.
Роля прафесійнага перакладу ў працэсе збліжэння цывілізацый, народаў і ўмацавання міру афіцыйна прызнана Рэзалюцыяй ААН. Заснаваны міжнародны дзень перакладу, які адзначаюць у амаль двухстах краінах, якія гавораць больш на сямі тысячах моў свету.
Таму, несумненна, надзвычай важкі ўклад унеслі перакладчыкі Беларусі і Казахстана ў справу ўзаемадзеяння народаў і культур.
Адметна, што альманах выйшаў у год 175-годдзя класіка казахскай літаратуры Абая, што знайшло сваё адлюстраванне ў перакладах на беларускую мову твораў акына, зробленых лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі паэтам Міколам Мятліцкім.
І не толькі гэта знайшло адлюстраванне на старонках альманаха. Адбылася своеасаблівая пераклічка праз вякі вялікіх геніяў і асветнікаў аль-Фарабі і Францыска Скарыны, вечных радкоў Абая, Купалы, Коласа, Джамбула.
І як заявіў падчас прэзентацыі пісьменнік, дырэктар Выдавецкага Дома «Звязда Алесь Карлюкевіч, ні пандэмія, ні тысячы кіламетраў адлегласці паміж Беларуссю і Казахстанам не з'яўляюцца перашкодай для ўмацавання літаратурнай дружбы паміж народамі нашых краін.
Мне, як аднаму з тых, чые творы змешчаны ў альманаху, безумоўна, вельмі хвалююча было бачыць уласныя радкі ў перакладзе на казахскую мову. Гэта вельмі адказна, бо далёкі чытач можа адчуць мае думкі і пачуцці пра свой родны край, пра любоў да сваёй Айчыны.
Упэўнены, што такія ж пачуцці былі і ў маіх сяброў і калег, прадстаўленых на старонках альманаха, а праз перакладчыцкае майстэрства беларускіх аўтараў да нас дайшлі думкі і пачуцці майстроў казахскага прыгожага пісьменства.
І на завяршэнне працытую яшчэ адно выказванне шаноўнага пасла краіны-сяброўкі:
«Паняцце «альманах» прадугледжвае працяг і перыядычнасць, а значыць у гэтага выдання ёсць будучыня. Гэта дыктуе патрэба нашых народаў быць бліжэй і разам рухацца да мары, якая аб'ядноўвае аўтараў выдання. Мары пра мір, дабрыню і шчасце».