Падзяліцца:
«Роздум. Гістарычны набытак народа». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 31.03.2021
«Роздум. Гістарычны набытак народа». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Той дзень 1939 года ў гісторыі нашай краіны стаў лёсавызначальным. Беларусь, раз’яднаная Рыжскай дамовай у 1921 годзе, калі значная частка нашых земляў адышла да Польшчы, уз’ядналася і стала адзінай. Для большасці народа гэта стала вызваленнем ад акупацыі жорсткага антыбеларускага рэжыму.

Вызваленне Заходняй Беларусі паэт Максім Танк сустрэў вершам «Здарова, таварышы!» Падзея была такой велічнай для ўсяго беларускага народа і для самога паэта, што трэба было неадкладна на яе адгукнуцца. Народ здабыў жаданую свабоду, якой ён столькі чакаў, за якую заплаціў жыццём сваіх лепшых сыноў. Пра гэты дзень не раз марыў малады творца:

Здарова, таварышы! Доўга чакалі
Мы вас і чакала ўся наша зямля.
Не раз мы выходзілі ў сінія далі,
Не раз углядаліся ў сонечны шлях!
Пра вас нашы песні складаліся шчыра,
І колас засмягшы ў полі звінеў,
І кожнай вясною, вітаючы вырай,
Лавілі ўсходняга ветру напеў.

Максім Танк і яго таварышы, як і сотні простых беларусаў, набліжалі гэты дзень. І Міхась Машара, і Піліп Пястрак, і Валянцін Таўлай, і хормайстар Рыгор Шырма, якія сталі потым знакавымі постацямі ў савецкай краіне, сваёй творчасцю будзілі ў народа пачуцці высокага патрыятызму, любові да нацыянальнай культуры, імкненне быць разам са сваімі братамі з усходняй Беларусі. Яны пасля ўз’яднання годна ўліліся ў шэрагі айчынных творцаў, а Максім Танк стаў Народным паэтам Беларусі.

У гісторыю вызвалення краю ад акупантаў назаўсёды ўпісаны імёны Браніслава Тарашкевіча, Сяргея Прытыцкага, Веры Харужай, якія ўваходзілі ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі – КПЗБ.

Народ супраціўляўся прымусовай паланізацыі, дзяржаўнаму шавінізму, які панаваў у Рэчы Паспалітай. Тадышнія ўлады стваралі вялікі ўціск на ўсё беларускае. Па сведчанні даследчыкаў таго перыяду, беластоцкі ваявода Асташэўскі ў чэрвені 1939 года пісаў наступнае: «...Мы жадаем аднаго і настойліва патрабуем, каб гэта нацыянальная меншасць думала па-польску — нічога ўзамен не даваць і нічога не рабіць у іншым кірунку. Зараз яшчэ можна беларусаў асіміляваць у адзінае рэчышча польскай культуры. Рана ці позна беларускае насельніцтва будзе паланізаванае».

Але для пераважнай большасці насельніцтва «крэсаў усходніх» Польшча не з'яўлялася бацькаўшчынай. Яна для іх была чужой бацькаўшчынай. Знакаміты твор пісьменніка Вячаслава Адамчыка і зняты па ім фільм пра знаходжанне Заходняй Беларусі ў межах Рэчы Паспалітай так і называюцца — «Чужая бацькаўшчына».

Сам працэс уз'яднання адбыўся пасля вызвалення беларускіх земляў Чырвонай Арміяй. Рашэнне было прынятае на Народным сходзе Заходняй Беларусі, які звярнуўся да савецкай улады з адпаведнай просьбай. Большасць на гэтым сходзе складалі беларусы, але і па факце большасць насельніцтва Заходняй Беларусі была прадстаўленая беларусамі. Гэты працэс завяршыўся 14 лістапада 1939 года, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў адпаведны закон.

Такім чынам, знікла гэапалітычнае найменне “Заходняя Беларусь”. У нас сёння няма ніякага падзелу на ўсходніх і заходніх беларусаў. У 1939 годзе беларускі народ стаў зноў адзіным.

Дарэчы, першым дэпутатам ад Лідскай выбарчай акругі ў аб’яднанай Беларусі стаў Янка Купала. Падчас сустрэчы з жыхарамі горада ён сказаў: “Сёлета я прыехаў у мясціны мне добра знаёмыя. Недалёка ад гэтых мясцін я нарадзіўся. І вось 20 гадоў па гэтай зямлі не хадзілі мае ногі… Я памятаю вас прыгнечанымі, абяздоленымі. Тым больш вялікая мая радасць, калі бачу я вас цяпер свабоднымі і шчаслівымі…”

Так адбылося тое, што стала гісторыяй, трывалым крокам на шляху да шчаслівага плённага жыцця беларускага народа. Як пісаў паэт Валянцін Таўлай:

На ростані шляхоў-дарог,
Абвеяных паходным пылам,
Народ навекі нам збярог
Крыніцу мудрасці і сілы.

І гэтая крыніца – тое, што і сёння жывіць наш лёс, нашу самасць і адметнасць.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: