Падзяліцца:
«Роздум. Глыбокая плынь Івана Шамякіна». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.01.2021
«Роздум. Глыбокая плынь Івана Шамякіна». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Амаль у кожным доме на паліцы стаялі яго кнігі, яму прысвячалі вершы. Паўлюку Пранузу належаць такія радкі:

Сёння табе гонар і пашана,
Прывітанне ад братоў, зарніц...
Напісаў нямала ты раманаў,
Хто ж не піў з тваіх жывых «Крыніц»?
Верна служыш дарагой Айчыне,
Радасны, бадзёры, малады,
Шырыню тваёй «Глыбокай плыні»
Вымяраем доўгія гады…

А Генадзь Пашкоў сцвярджаў:

I хай сабе — з нагоды, без нагоды, я паўтару,
хоць колькі пройдзе год:
калі пясняр такі ёсць у народа,
то за яго паклон табе, народ!..

Вы ўжо, відаць, здагадаліся, што гаворка ідзе пра Івана Шамякіна, стагоддзе якога мы будзем хутка адзначаць.

Дазволю сабе яшчэ адну цытату:

«Кожны раман ці аповесць Івана Шамякіна — гэта новае, свежае слова аб нашай рэчаіснасці, аб нашых праблемах, аб нашых людзях, гэта раскрыццё маральных глыбінь чалавечых душ, гэта і яго споведзь аб сваіх ідэалах, сваіх надзеях, сваіх радасцях і сваіх болях». Гэта словы яго сябра драматурга Андрэя Макаёнка.

Сапраўды, Іван Пятровіч Шамякін – цэлая эпоха не толькі ў беларускай літаратуры, але ва ўсёй нашай гісторыі другой паловы ХХ стагоддзя.

І сёння, напярэдадні яго стагоддзя, мне хочацца прыгадаць падзеі дваццацігадовай даўнасці, калі мне давялося ўдзельнічаць у святкаванні васьмідзесяцігоддзя класіка беларускай літаратуры. Я працаваў тады ў Саюзе пісьменнікаў, і шмат якія перад'юбілейныя клопаты клаліся тады на нашу арганізацыю.

Іван Пятровіч вельмі хваляваўся. Здаецца, і звыклы ён быў да розных урачыстасцяў, да адзнак сваёй працы, але да гэтага свайго юбілею ён ставіўся з асаблівай адказнасцю. Часы мяняліся, прыйшлі новыя людзі, Беларусь стала самастойнай незалежнай дзяржавай, дзе-нідзе некаторыя былыя калегі выказвалі папрокі за, на іх погляд, дужа актыўную пазіцыю творцы, услаўленне савецкага ладу жыцця.

Шамякін жа не мяняў сваіх поглядаў, не адмаўляўся ад напісанага раней. І тое, наколькі горача і шчыра віншавалі яго многія ў тыя дні, яго цешыла і ўзрушвала.

Мне давялося сядзець у ложы тэатра Янкі Купалы, дзе праходзіла ўрачыстае пасяджэнне разам з самім Іванам Пятровічам і яго сямейнікамі. Ён сам папрасіў мяне пра гэта, бо яму, відавочна, была патрэбна прысутнасць побач, элементарная дапамога. І я, стараючыся менш выдзяляцца, хаваючыся за спіну класіка, прымаў з яго рук падораныя букеты.

Ад тэатра пасля завяршэння вечарыны мы ішлі пешкі на Фрунзе, 5, у Саюз пісьменнікаў, дзе яга чакалі шматлікія калегі па пяру.

Я адчуваў цяпло яго рукі, калі ён часам абапіраўся на мяне, чуў, як стукае яго сэрца. Нават не верылася, што вось так іду поруч з класікам, творы якога вывучаў яшчэ ў школе.

Удзячны лёсу і за іншыя, ранейшыя і пазнейшыя сустрэчы з Іванам Пятровічам, за гутаркі ў яго кватэры на вуліцы Янкі Купалы.

Але сёння не толькі пра свае ўспаміны мне хочацца гаварыць. Постаць Івана Шамякіна, яго значэнне для нашай літаратуры і не толькі выклікае на роздум аб ролі пісьменніка ў грамадстве, аб важнасці напісанага для сучаснікаў.

Шамякін быў не толькі летапісцам эпохі. Яго творы, грамадская дзейнасць рабілі яго актыўным удзельнікам усіх працэсаў, якія адбываліся ў грамадстве, да яго прыслухоўваліся, з ім раіліся. Яго ўвага і клопат, яго падтрымка спрыялі прыходу ў нашу літаратуру многіх таленавітых творцаў, яго слова было важкім і шчырым.

Ён унёс уклад у развіццё нацыянальнай энцыклапедыі, у стварэнні якой прымаў удзел Пятрусь Броўка.

Ён быў сапраўды народным, і народ адплочваў яму любоўю і павагай.

І гэта павінна быць прыкладам да сённяшніх літаратараў, да маладых, якія толькі пачынаюць свой шлях у літаратуру.

І гэта галоўнае, пра што хочацца сказаць, адзначаючы юбілей нашага класіка.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: