Падзяліцца:
«Роздум. Голас краіны». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.11.2022
«Роздум. Голас краіны». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Ужо мала хто памятае чорную талерку рэпрадуктара, якая вісела ў кожнай хаце ў ганаровым кутку на сцяне і адкуль прыемныя мужчынскія і жаночыя галасы распавядалі пра апошнія навіны і гучала музыка. А па вечарах сям’я збіралася слухаць “Тэатр ля мікрафона” і звычайная сельская хата ператваралася ў своеасабллівую тэатральную залу.

Ведаю гэта па ўспамінах маіх бацькоў і бабулі, ды і сам крыху захапіў у дзяцінстве тую чароўную магію радыёэфіру.

Гэтая чароўная магія захапляе мяне і дагэтуль, хаця вось ужо больш за сорак гадоў радыё для мяне штодзённая праца і другі дом.

Памятаю сакавік 1981 года, калі быў прызначаны ўласным карэспандэнтам радыё па роднай Віцебшчыне, і тое пачуццё прыналежнасці да вялікай справы, да любімага эфіру. З унутраным трапятаннем і захапленнем глядзеў на легендарных людзей таго часу, калегамі якіх выпаў гонар быць — дыктараў Мікалая Чырыка і Кацярыну Несцяровіч, рэжысёраў Соф’ю Гурыч і Валерыя Анісенку, журналістаў Уладзіміра Століна, Эру Аўраменку, Аляксандра Цітаўца.

Чырвоная, 4 з таго часу стала маім лёсам, і тут я яшчэ больш зразумеў, наколькі важнай і патрэбнай з’яўляцца праца маіх калег і сяброў для мільёнаў нашых людзей, для якіх радыё – і суразмоўца, і сябра, і верны дарадчык.

Сёння змяніліся многія жыццёвыя абставіны, з’явіліся тэлебачанне і інтэрнэт, няма тых ранейшых рэпрадуктараў, і радыё часцей слухаюць у машынах, смартфонах, на іншых сучасных прыладах. Дынамічны час унёс карэктывы і ў нашу працу, мы сталі больш мабільнымі, больш аператыўнымі. Але радыё працягвае сваю слаўную гісторыю і па-ранейшаму служыць людзям, дзяржаве, народу.

Сёння пяць рэспубліканскіх каналаў Беларускага радыё і сем рэгіянальных асвятляюць літаральна ўсе бакі нашага жыцця. Палітыка і эканоміка, музыка і літаратура, навука і спорт – усё гэта знаходзіць сваё месца ў эфіры. Нашы праграмы адрасуюцца моладзі і ветэранам, бацькам і дзецям, рабочым і вучоным, прадпрымальнікам і спартсменам, – літаральна ўсім катэгорыям насельніцтва.

Голас Беларускага радыё можна пачуць на дзевяці мовах у Еўропе і Азіі, Афрыцы і Аўстраліі, у самых аддаленых кутках планеты.

У нашых студыях рэгулярныя госці – славутыя людзі краіны, палітыкі і дзяржаўныя дзеячы. Нашы карэспандэнты бываюць у працоўных калектывах, пракладваюць свае маршруты ў розныя гарады і паселішчы краіны, вядуць рэпартажы з далёкага і блізкага замежжа.

У шматтысячных фондах Беларускага радыё захоўваюцца сведчанні найбольш знакавых падзей нашай гісторыі, галасы тых, хто сваёй працай і талентам ствараў гэтую гісторыю.

Сярод маіх калег – вопытныя і маладыя журналісты, вядомыя артысты і музыканты, пісьменнікі і навукоўцы, якія зрабілі работу на радыё сваім штодзённым лёсам.

Сёння іх можна не толькі паслухаць, але і паглядзець на нашых сайтах, у сацыяльных сетках, з імі можна звязацца ў рэжыме рэальнага часу па мабільнай сувязі.

А пачыналася гэта ўсё 15 лістапада 1925 года, калі ўпершыню ў эфіры прагучаў голас дыктара “Гаворыць Мінск!” Дык са святам, дарагія сябры!

Усяго добрага, да пабачэння, да новых сустрэч!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: