Падзяліцца:
«Роздум. І тчэ забыўшыся рука...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.10.2020
«Роздум. І тчэ забыўшыся рука...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Памятаеце славуты верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», які стаў у выкананні «Песняроў» папулярнай песняй? Праўда, класік крыху памыліўся – знакамітыя слуцкія паясы ткалі мужчыны. Пад кіраўніцтвам бацькі і сына Маджарскіх у перыяд з канца 1760-х да 1780-х гадоў у Слуцку на радзівілаўскай мануфактуры працавала да 55 ткачоў, столькі ж падмасцер'еў і прадзільшчыц. На 20-25 станках штогод выпускалі да 200 паясоў.

У строі магнатаў пояс быў сімвалам прыналежнасці да эліты, шматвекавых сямейных традыцый. Паясы былі высокатэхналагічныя, ткаліся з залатых нітак, патрабавалі выключнага майстэрства і густу.

Слуцкі пояс мог утрымліваць да 200 грам золата. Адзін такі эксэсуар быў варты цэламу маёнтку.

І вось такі каштоўны рарытэт быў нядаўна ўрачыста перададзены ў тэматычную экспазіцыю «Музея памяці «Усесвяцкага Храма-помніка» ў Мінску. Арыгінальны кунтушовы пояс XVIII стагоддзя быў выкуплены на аўкцыёне адной прыватнай калекцыі ў Францыі, дзякуючы фінансавай падтрымцы Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі Александра Бейлера. Пояс вытканы з шаўковых, сярэбраных і залатых нітак. Вянок у медальёне сплецены з дробных кветак, падобных на гваздзікі, рамонкі і васількі. Вось дзе адгукнуліся зноў радкі Багдановіча пра «цвяток Радзімы васілька».

Па ініцыятыве пратаірэя, настаяцеля Усесвяцкага прыхода Фёдара Поўнага і беларусаў Швейцарыі гісторыка-культурная каштоўнасць вернута на Радзіму.

Увогуле, за гісторыю існавання слуцкай мануфактуры было выраблена каля 55 тысяч паясоў, але ў сямі беларускіх музеях знаходзіцца толькі адзінаццаць экземпляраў і некалькі фрагментаў. Таму падзея ўручэння каштоўнасці мае надзвычай важнае значэнне для нашай культуры.

Зазначу, што гэта не першая такая каштоўная ініцыятыва беларускай суполкі ў Швейцарыі. Мне ўжо даводзілася расказваць пра Аляксандра Сапегу, пад кіраўніцтвам якога беларусы Швейцарыі знайшлі нашчадкаў княгіні, мецэната Марыі Магдалены Радзівіл і невядомыя фотаздымкі прадстаўніцы знакамітага роду. Дзякуючы нашым землякам прах славутай беларускай мецэнаткі перавезлі з Швейцарыі ў Беларусь.

Вядома, што ў свеце ёсць нямала каштоўных рарытэтаў, якія належаць нашай гісторыі і культуры.

Вялікую ўвагу вяртанню іх на радзіму ўдзяляе спецыяльна створаная Камісія па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей.

Камісія была створана ў 2009 годзе пры Савеце Міністраў. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, культуры, інфармацыі і фінансаў, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі, Беларускага фонду культуры.

Гэта вельмі важная справа, бо мы ўсё больш маем магчымасць пазнаваць багацце нашай культурнай спадчыны і адчуваць гонар за айчынную гісторыю і культуру.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: