Восень – гэта заўсёды пэўнае падсумаванне пройдзенага, філасофскі роздум над рэаліямі жыцця, позірк на падзеі з вышыні часу. І сёлетні верасень не выключэнне. Дзень яднання беларускага народа, 225-годдзе Міхала Агінскага, 110 гадоў з дня выхада кнігі Янкі Купалы «Гусляр».
Здавалася б, што аб'ядноўвае такія розныя даты ? Пастараюся знайсці агульныя карані ва ўсіх трох падзеях.
У верасні 1939 года тэрыторыя БССР павялічылася да 225 тысяч км2, колькасць насельніцтва рэспублікі вырасла амаль удвая.
Беларусь упершыню за ўсю гісторыю стала тэрытарыяльна цэласным дзяржаўным утварэннем. Гэта, як адзначаюць гісторыкі, стала найважнейшым стымулам імклівага нацыянальна-культурнага развіцця, перадумовай набыцця дзяржавай суверэнітэту. Значэнне гэтага аб'яднання і яго важнасць у аднаўленні гістарычнай справядлівасці ў адносінах да Беларусі і яе народа.
Дарэчы, Максім Танк, які нарадзіўся якраз 17 верасня 1912 года і прысвяціў свае маладыя гады барацьбе за аб'яднанне беларускіх земляў, горача вітаў гэтую падзею.
А далёка па часе да гэтых падзей 25 верасня 1765 года нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі. У сусветную гісторыю Міхал Клеафас увайшоў як буйны палітычны дзеяч, дыпламат, музыкант. Сапраўдную славу ён займеў як кампазітар і аўтар цудоўнага паланэза «Развітанне з Радзімай». Знаўцы сцвярджаюць, што напісаны гэты шчымліва-душэўны музычны твор быў менавіта на Смаргоншчыне, дзе і сёння ў аграгарадку Залессе стаіць у атачэнні старажытных дрэў колішняга англійскага парку чароўны палац. Сучаснікі, прыхільнікі творчасці Міхала Клеафаса, называлі гэтыя мясціны паўночнымі Афінамі.
У верасні 1908 года — рукапіс свайго другога зборніка паэзіі «Гусляр» Янка Купала паслаў выдаўцу ў Санкт -Пецярбург. У кастрычніку 1910 года кніга выйшла ў свет.
Тут паэт узнімаецца на новыя вышыні асэнсавання ролі і месца творцы. У “Гусляры” прысутнічае глабальнае адчуванне эпохі, глыбіні і маштабу яе канфліктаў і катаклізмаў.
Як адзначаюць сучасныя крытыкі, у другім Купалавым зборніку больш поўна і глыбока раскрываецца перад паэтам сутнасць людскога існавання. Чалавек тут выступае як волат духу, магутны гусляр, які павінен пракласці «к сонцу зорны шлях». Паэт шле радаснае вітанне беларускаму народу, прызывае да плённай сяўбы добрага зерня на роднай глебе.
І тое , што да паэмы «Гусляр» са зборніка звярнуўся Уладзімір Мулявін і яго слынны калектыў «Песняры», надало твору новае сучаснае гучанне.
І ўсё гэта, пра што я толькі што сказаў, сведчанне нашай багатай, насычанай падзеямі гісторыі, сведчанне сілы духу і мужнасці народа, а ўсё разам – наша любая Беларусь, якую нам берагчы, у якой шчасліва жыць нашым дзецям і іх нашчадкам.