Падзяліцца:
“Роздум. Каб ганарыліся нашчадкі”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.07.2020
“Роздум. Каб ганарыліся нашчадкі”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

У няпростых умовах сёлетняга года, звязаных з эпідэміялагічнай абстаноўкай у свеце, культурнае жыццё тым не менш працягваецца.

Вось прачытаў у інтэрнэце, што музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку запрашае да ўдзелу ў круглым стале, прымеркаваным да 30-годдзя ўстановы, і ўзгадаў той час, калі рабіў для нашага радыё рэпартаж аб урачыстым адкрыцці гэтага ўнікальнага, адзінага такога музея ў нашай краіне.

А перад гэтым, у такія ж цёплыя ліпеньскія дні, разам з мясцовымі мастакамі Сяргеем Дзмітрыевым і Ігарам Куржалавым разважаў пра тое, як успрымуць наведвальнікі будучай установы экспазіцыю, дзе разам з традыцыйнымі экспанатамі ажывуць келля манаха-летапісца, друкарская майстэрня Францыска Скарыны, кніжныя паліцы былой брацкай школы Сімеона Полацкага.

Будынак былой брацкай школы Багаяўленскага манастыра, які, нягледзячы на разбурэнні ў горадзе падчас Вялікай Айчыннай вайны і ранейшых выпрабаванняў часу, захаваўся ў сваім знешнім выглядзе ажно з васемнаццатага стагоддзя. У часы майго юнацтва там быў звычайны жылы дом, які нагадваў сваё слаўнае мінулае хіба толькі сваім фасадам. І вось гэтаму дому трэба было вярнуць ранейшае старадаўняе аблічча і размясціць там музейную экспазіцыю.

Акрамя мастакоў і рэстаўратараў, навуковых супрацоўнікаў у працу па напаўненні фондаў уключылася нямала навукоўцаў і вядомых людзей краіны.

У зборы экспанатаў прымалі ўдзел кнігазнаўцы, пісьменнікі, літаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы, супрацоўнікі буйнейшых бібліятэк і музеяў былога СССР, у тым ліку Адам Мальдзіс, Алесь Петрашкевіч, Вячаслаў Чамярыцкі, Мікола Нікалаеў.

Музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 8 верасня 1990 года падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, славутага палачаніна Францыска Скарыны.

Сёння ў музеі ў 15 залах прадстаўлена амаль 1500 экспанатаў. Асобная зала прысвечана аднаму з самых знакамітых беларусаў і самаму, бадай, знакамітаму палачаніну – Францыску Скарыну.

А праз чатыры гады паміж залаў новага музея беларускага кнігадрукавання, размясціўся яшчэ адзін з музееў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка — Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Ён аформлены па інтэр’еру заходнееўрапейскай бібліятэкі XVII–ХVІІІ стст. — двухузроўневае размяшчэнне кніжных шафаў, бюсты вучоных і філосафаў, чытальная зала і пасярэдзіне — глобус, самы вялікі ў Беларусі.

Экспазіцыя расказвае аб розных перыядах жыцця і дзейнасці Сімяона Полацкага: самы ранні полацкі перыяд, гады вучобы ў Кіеве і Вільні, маскоўскі перыяд жыцця.

Акрамя таго, тут захоўваецца частка калекцыі друкаваных выданняў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і фонд навуковай бібліятэкі.

У памяшканні музея-бібліятэкі праходзяць розныя прэзентацыі, сустрэчы з вядомымі паэтамі і пісьменнікамі, навуковыя канферэнцыі.

Сёння мой родны Полацк прыцягвае шматлікіх турыстаў не толькі з нашай краіны, але і з іншых краін. Ім ёсць што паглядзець у самым старажытным горадзе Беларусі, калысцы нашай дзяржаўнасці.

У адзінаццаці музеях гісторыка-культурнага запаведніка размешчана нямала самых цікавых экспанатаў, адрэстаўраваны і вернуты да жыцця многія шэдэўры старадаўняй архітэктуры.

А зусім нядаўна прагучала навіна пра новую ўстанову культуры – музей археалогіі. Новы музей размесціцца на Ніжне-Пакроўскай вуліцы ў сценах былога будынка раённага аддзела ўнутраных спраў, які перадалі гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. Пабудова з'яўляецца помнікам архітэктуры – у свой час гэта быў жылы корпус францысканскага манастыра. Будынак чакае рэстаўрацыя.

Вяртаючы жывыя сведкі нашай слаўнай мінуўшчыны, мы ўсё больш усведамляем веліч і значэнне для сённяшніх пакаленняў гісторыі краіны і народа. Гэта важная дзяржаўная справа, бо яна спрыяе выхаванню патрыятызму і высокай грамадзянскай пазіцыі.

І не толькі ў Полацку, але ва ўсёй краіне гэта патрабуе ўвагі і клопату з боку дзяржавы і шматлікіх аматараў айчыннай гісторыі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: