Як спалучыць нянавісць да вайны і любоў да людзей? Гэтае пытанне заўсёды стаяла перад мастаком, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Леанідам Ісідаравічам Шакінкам. Ён ставіў задачу рэальны вобраз сканцэнтраваць да сімвала салдацкага подзвіга і высокага духоўнага поклічу душы. Большасць яго работ прысвечаны вайне 1941-1945 гадоў і афганскім падзеям. У іх мастак шукаў і знаходзіў пераемнасць сваёй баявой маладосці з суровымі выпрабаваннямі воінаў у час вайны ў Афганістане.
Яго ўдава Фаіна Мітрафанаўна перадала мне каталог яго работ, пазнаёміла з іншымі матэрыяламі пра мастака ваеннай тэмы. Яна актыўны слухач нашых перадач, і мне прыемна слухаць яе голас у тэлефоннай трубцы са сваімі ўражаннямі пасля кожнага майго выхаду ў эфір.
Леанід Шакінка нарадзіўся ў вёсцы Старына на Віцебшчыне, а сямігодку закончыў у год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. З 1944 года юнак спазнаў франтавыя будні. На вайну пайшоў дабраахвотнікам, удзельнічаў у штурме Кенігзберга.
Пасля вайны вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, затым закончыў тэатральна-мастацкі інстытут. Творы мастака знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Канады, Ізраіля і ЗША.
Шакінка ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1962 года. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, у тэхніках лінагравюры, афорта, літаграфіі, акварэлі. Творам мастака ўласціва вобразная завершанасць, якая дасягаецца строгасцю і прастатой графічнага вырашэння.
У многіх работах творца звяртаўся да адлюстравання подзвігу салдата на вайне і сваёй франтавой біяграфіі.
Неўзабаве Шакінка сутыкнуўся з тэмай вайны ў Афганістане. Цыкл сваіх палотнаў ён назваў «Афганістан – мой боль».
Так перапляліся ў творчасці мастака ўражанні ўласнай баявой біяграфіі і афганскія падзеі. Пачаткам гэтай серыі стаў партрэт воіна-інтэрнацыяналіста, які нібы звяртаецца да ўсіх з асуджэннем вайны, з заклікам памятаць тых, хто загінуў у баях, хто страціў здароўе, да мацярок, родных і блізкіх воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Мастака не стала ў 1996 годзе, але яго выяўленчыя творы засталіся для нашчадкаў як напамін і перасцярога для тых, хто гатовы забыцца на ўрокі гісторыі, хто не ўсвядоміў, які жах, якія пакуты прыносіць вайна.
Здавалася б, публіцыстыка і выяўленчае мастацтва – розныя рэчы. Ды вось Леанід Шакінка здолеў спалучыць гэта у сваёй творчасці. Магчыма, у гэтым яму дапамог і вопыт работы ў часопісе «Нёман» мастацкім рэдактарам, дзе ён адпрацаваў больш як трыццаць гадоў.
Мастацтва заўсёды рэагавала на тое, чым жыве народ, з якімі падзеямі сутыкае яго гістарычны лёс.Творцы, як ніхто іншы, могуць яскрава перадаць тое, што хвалюе людзей, што захоўваецца ў іх душах.
Таму звяртанне да падзей, дзе ў поўнай меры праявіўся гераізм роднага народа, выказванне болю за панесеныя страты і сёння не толькі не страціла сваёй актуальнасці, а наадварот служыць напамінам і перасцярогай, бо гісторыя сведчыць, што занядбанне праўды пра падзеі мінулых гадоў прыводзіць да непапраўных і горкіх наступстваў.
Таму і сёння творчасць Леаніда Шакінкі, як і многіх іншых творцаў яго пакалення, не павінна быць забытай.