Падзяліцца:
«Роздум. Калі не хапае слоў...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.11.2021
«Роздум. Калі не хапае слоў...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Часам, калі я пачынаю гаварыць на гэтую тэму, некаторыя мае суразмоўцы іранічна ўсміхаюцца, больш адмахваюцца: маўляў, ну што ты ў гэтым бачыш? Усе мы патроху такім грашым, так бы мовіць, для эмацыйнай афарбоўкі.

Вы, відаць, ужо здагадаліся, што размова пойдзе пра ўжыванне мату, або як мягчэй сказаць, ненарматыўнай лексікі, якую штодня мы чуем на вуліцы, у кватэрах і нават у рабочых кабінетах. І не заўсёды гэтыя слоўцы запіпікваюць у кінафільмах, іх можна нават сустрэць у сучасных літаратурных творах.

Гаварыць брыдкія словы ў нашых продкаў лічылася не толькі бескультурным, але нават грахом. У сем’ях дзецям забаранялася іх ужываць, сароміліся гэтых слоў і бацькі, а ўвогуле ў прысутнасці старэйшых або жанчын мала хто асмельваўся мацярыцца.

Мацярыцца, як падае энцыклапедыя – значыць ужываць бранныя словы і выразы, ужыванне якіх не дапускаецца грамадскай мараллю, якія прызначаны пераважна для абразы адрасата або адмоўных ацэнак людзей і з’яў. У сваю чаргу, ненарматыўная лексіка ў лінгвістаў носіць назву абсцэннай, што азначае ў перакладзе з англійскай «бессаромны», «непрыстойны» або «брудны».

А цяпер давайце азірнемся вакол. Вось ідзе закаханая пара, прыгожыя маладыя людзі. Прыслухайцеся да іх гаворкі. Што гаворыцца, вушы вянуць. Двое інтэлігентнага выгляду сярэдняга веку людзей у перапоўненым тралейбусе… Тое ж самае. Аднойчы я не вытрымаў і зрабіў заўвагу двум па знешніх прыкметах студэнтам. «Ой, прабачце, мы крыху захапіліся! Прывычка!»

Прывычка. Здавалася, да месца і не да месца, проста так… А вось нядаўна адна паэтка за верш з актыўным выкарыстаннем мата атрымала ў Маскве нават прэстыжную прэмію…

Як сведчаць выкладчыкі ВНУ, сённяшнія студэнты часам не могуць без жаргона і ненарматыўнай лексікі сфармуляваць сваю думку, пераказаць літаратурны твор. Мова становіцца беднай невыразнай і ў многім нагадвае лексікон Элачкі-людаедкі з твору Ільфа і Пятрова.

На шырокае брыдкаслоўе скардзяцца святары, бо высокая духоўнасць, якую яны прапаведваюць, не дапускае ўжыванне гідкіх, паскудных слоў. Не толькі ў храме, а і ў паўсядзённым жыцці.

Ну, і канечне, калі гаварыць пра культуру ўвогуле. Зрэшты, увесь інтэрнэт у свой час абляцела інфармацыя, як у нашых суседяў адна начальніца ад культуры ўжыла мацерныя словы проста на рабочай нарадзе, за што атрымала вусную заўвагу.

Увогуле, брыдкаслоўе з вуснаў жанчын з’ява досыць нязвыклая. Неяк так складвалася, што ў нашым уяўленні маці, каханыя, сёстры не асацыіраваліся з брудам у мове. Але ж эмансіпацыя, фемінізм ураўнялі нашых прыгажунь і на гэтым поле з мужыкамі.

І вось, нарэшце, на гэтую праблему сталі звяртаць увагу ў шырокіх колах грамадскасці, пра што сведчыць нядаўняя гаворка ў Савеце Рэспублікі, у якой прынялі ўдзел духоўныя асобы, педагогі, вучоныя, журналісты.

Вызначыліся комплексныя меры, накіраваныя на захаванне экалогіі слова, моўнай культуры.

Бо гэтае пытанне не другараднае, гэта тое, што павінна вызначаць чалавека як асобу, пазбавіць у паўсядзённым жыцці нас ад славеснага бруду, прыкрай лаянкі, якія не ўпрыгожваюць чалавека.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: