У Савосева суседа быў пярэсценькі каток…
Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому…
Я думаю, што людзі майго пакалення і старэйшыя добра памятаюць дзіцячыя вершы нашага класіка. Як, зрэшты, і радкі іншых дзіцячых пісьменнікаў, і славутыя вершы для дзяцей Маршака і Агніі Барто…
Кнігі для малечы былі заўсёды не толькі забавай, але і працэсам навучання чытанню, выхавання традыцыйных каштоўнасцяў.
Сёлета споўнілася 140 год нашым славутым песнярам Янку Купалу і Якубу Коласу. Ці не нагода гэта яшчэ раз звярнуцца да іх творчасці і зразумець усю сілу іх таленту, іх актуальнасць, іх высокі покліч. У тым ліку твораў для дзяцей.
Праблема зямлі і свабоды, любоў да Бацькаўшчыны і яе мовы, вернасць народным традыцыям, сцвярджэнне высокай справядлівасці – хіба гэта не тое, што трэба нам у жыцці?
Сёння, калі для многіх нашых дзетак інтэрнэт з'явіўся сур'ёзным супернікам кнігі, для пісьменнікаў і выдаўцоў задача прыцягнуць юнае пакаленне да чытання – задача, што гаворыцца, архіважная.
Менавіта дзіцячаму чытанню будзе прысвечаны пашыраны пленум Саюза пісьменнікаў, які пройдзе ў гэтым месяцы ў сталічным Доме літаратара. На яго будуць запрошаны разам з пісьменнікамі і выдаўцамі педагогі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія працуюць з дзецьмі.
Узгадваю свае дзіцячыя гады. Марыў мець бібліятэку з самага дзяцінства. Першыя кніжачкі купляла мама: гэта былі Чукоўскі, Маршак... Потым стаў запрашаць на Дзень нараджэння сяброў-аднакласнікаў з марай, што яны падораць мне кнігі, – тады гэта было прынята. Радаваўся кожнай новай кніжцы. А ўвогуле, прыхільнасць да друкаваных старонак валодала мной заўсёды: яны заставаліся самым жаданым спосабам бавіць час.
Вельмі здзівіўся, калі расказвалі, што ў адной школе настаўніца сказала другакласнікам, як пачаліся канікулы: «Першыя два тыдні трэба адпачыць, можна не чытаць!» Для мяне ж чытанне было найлепшым адпачынкам! Сёння дзеці лічаць, што чытаць — праца. Я мог не вывучыць хатняе заданне, нават у школу бег з мэтай, што недзе на перапынку альбо нават на ўроку разгарну прыхаванае выданне... А дадому ляцеў, бо ведаў: кіну партфель і пра ўсё забуду з любімымі героямі!
На мой погляд, кніга павінна займаць галоўнае месца ў жыцці чалавека.
Літаратура выхоўвала мяне з дзяцінства і праз радыё. Памятаю пастаноўкі, вершы, артыстаў, якія іх чыталі: і Леаніда Рахленку, і Лідзію Ржэцкую, і Барыса Платонава — слухаў і слухаў. У тым ліку і дзіцячыя літаратурныя перадачы, а некаторыя вершы памятаю і да гэтага часу.
Безумоўна, новыя рэаліі патрабуюць і новых падыходаў. Але яны ж і дыктуюць нам, што ўвага да выхавання, сцвярджэнне традыцыйных каштоўнасцяў немагчымы без якаснай літаратуры для дзяцей, без клопату пра тое, як і што чытаюць нашы дзеці.
Менавіта пра гэта трэба думаць і клапаціцца супольна сям'і, школе, пісьменнікам і выдаўцам. І гэты клопат павінен даваць жаданы плён.