Падзяліцца:
«Роздум. Краса і сіла». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.07.2022
«Роздум. Краса і сіла». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Нядаўна мне ўзгадаўся выпадак, які адбыўся падчас адной з паездак у Кітай. На адным з прыёмаў у міністэрстве замежных спраў краіны мне давялося расказваць пра нашу Беларусь, яе культуру. Пры ўпамінанні імя класіка нашай літаратуры Янкі Купалы адказны кітайскі чыноўнік, які вёў сустрэчу, ажывіўся і папрасіў прачытаць які-небудзь верш паэта.

І хоць просьба была нечаканай, давялося прачытаць купалаву «Спадчыну», балазе гэты верш ведаў напамяць з дзяцінства.

Гаспадар зазначыў, што хоць мову не надта зразумеў, але гучанне і мелодыка верша яму спадабаліся. У сваю чаргу ён працытаваў напамяць паэтычныя радкі класіка кітайскай літаратуры Лі Бо.

Я ўжо ведаў хто такі Лі Бо дзякуючы перакладам яго вершаў на беларускую мову. Гэты паэт часоў залатога веку кітайскай паэзіі належыць да ліку найбольш шанаваных асоб у гісторыі кітайскай літаратуры.Разам з яшчэ адным творцам Ду Фу лічыцца самым вялікім кітайскім паэтам.

І пры іншых сустрэчах падчас той нашай паездкі імёны вяліх паэтаў Кітая ўзгадваліся не раз, суразмоўцы з ахвотай цытавалі паэтычныя радкі сваіх класікаў.

Увогуле, у Кітаі з самых старажытных часоў паэты лічыліся найбольш важнымі і паважанымі людзьмі, мудрацамі і філосафамі.Яны ўвасаблялі дух народа.

І сёння, калі мы адзначаем юбілеі нашых класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа пра гэта хочацца гаварыць яшчэ і таму, што патрэба ў яркім паэтычным слове ў нашым грамадстве надзвычай важная і патрэбная. І хоць час вылучыў нямала іншых куміраў, але без літаратуры, без высокай паэзіі ў жыцці не ўдасца напоўніцу адчуць хараство роднай мовы, прыналежнасць да глыбіннай сутнасці ўласнага народа, гонар за сваю зямлю.

Пра гэта думаецца і напярэдадні традыцыйнага фэста «Ракуцёўскае лета», прысвечанага яшчэ аднаму класіку нашай літаратуры Максіму Багдановічу.

Гэты малады чалавек, які з дзяцінства не чуў у сваім жыцці жывога беларускага слова, у час свайго першага прыезду на Радзіму, у маёнтак Ракуцёўчына, на адпачынак па запрашэнні сяброў, стварыў шэдэўры беларускай паэзіі, і ракуцёўскае лета стала для яго ў нечым тым, што для Пушкіна болдзінская восень.

«Я не чуў мову вакол сябе, я яе чуў у сабе», - неаднойчы ўзгадваў Максім. І летам 1911 года у беларускай вёсцы ўпершыню пачуў жывую родную гаворку.

Менавіта тут, у Ракуцёўшчыне, на гасціннай маладзечанскай зямлі і цяпер, падчас свята, можна адчуць гэты высокі дух роднага словы, гэтае гаючае і светлае пачуццё прыналежнасці да ўласнай гісторыі і культуры.

У наш складаны і супярэчлівы час сярод усіх выпрабаванняў і выклікаў давайце ўслухаемся ў радкі нашых класікаў адчуем, як нам патрэбны Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, як і ншым народам выказнікі духу і гонару нацыі. Давайце прамовім для сябе іх неўміручыя радкі і адчуем красу і сілу роднага слова, роднай зямлі!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: