У год гістарычнай памяці мы ўзгадваем слаўныя вехі нашай мінуўшчыны, імёны слынных сыноў і дачок нашай радзімы. І ў гэтым шэрагу яркімі зоркамі свецяць імёны нашых класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, 140-годдзе якіх рыхтуецца сёлета адзначаць уся краіна. Я ўзгадваў ужо пра Янку Купалу, а сёння размова пойдзе пра яго духоўнага паплечніка і сябра Якуба Коласа.
Якуб Колас — класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч.
У сваёй лірыцы паэт паказаў жыццё народа шырока і поўна. На вяршыні творчасці Якуба Коласа знаходзяцца паэмы «Новая зямля», якую і сам паэт лічыў сваім галоўным творам, і «Сымон-музыка». Менавіта з гэтымі паэмамі Колас стаў вядомым у сусветнай літаратуры як «беларускі Гамер», стваральнік паэтычнага эпасу беларусаў. Трылогія «На ростанях» з’яўляецца самым вялікім празаічным творам Якуба Коласа, у якім пісьменнік праявіўся буйным майстрам мастацкай прозы.
Актыўна працаваў творца ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Побач з высокапатрыятычнымі вершамі, памфлетамі Якуб Колас стварыў творы філасофскія, пейзажныя і нават інтымна-лірычныя. Вершы, напісаныя за першыя два гады вайны, склалі зборнік «Голас зямлі». У ваенныя гады напісаны і яго паэмы «Суд у лесе» і «Адплата», прысвечаныя гераічнай барацьбе беларускіх партызан з гітлераўскімі захопнікамі, а таксама вялікая колькасць публіцыстычных артыкулаў.
Яго літаратурная праца ў другой палове 1940-х гг. атрымала афіцыйнае ўшанаванне. У 1946 г. за вершы ваенных гадоў Якубу Коласу была прысуджана Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 1-й ступені. У 1949 г. — Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 2-й ступені за паэму «Рыбакова хата» (завяршыў у 1947 г.)
У 1950-я гг. Якуб Колас у якасці навуковага рэдактара удзельнічаў у падрыхтоўцы першага выдання «Руска-беларускага слоўніка» (1953 г.).
У 1954 г. завершана аповесць «На ростанях», у якой апісаны падзеі 1906-1911 гг. Яна стала 3-й, апошняй (разам з дзвюма папярэднімі — «У палескай глушы», «У глыбі Палесся»), часткай аднайменнай трылогіі. Трылогія — адзін з першых беларускіх раманаў. Гэта шырокае мастацкае палатно сацыяльна-грамадскай сітуацыі ў Беларусі, эпапея жыцця беларускага народа.
Шмат можна гаварыць пра значэнне Якуба Коласа для роднай літаратуры, аб яго грамадзянскай пазіцыі, дзяржаўнай і асветніцкай дзейнасці.
Шматгранная творчая спадчына Якуба Коласа – гэта неад'емная частка духоўнага набытку беларусаў, невычэрпная крыніца мудрасці, сапраўды народнага духу.
Да сённяшняга дня яго пранікнёныя радкі пра родны кут, які нам мілы, кранаюць душу сучаснікаў сваёй глыбінёй і шчырасцю. Разам з тым ён узбагаціў айчыннае прыгожае пісьменства, вывеў літаратурны набытак сваёй Радзімы на больш высокі ўзровень. Нездарма творы Коласа перакладзены на многія мовы свету, сталі сапраўднай візітоўкай айчыннай літаратуры ў міжнародным супольніцтве.
Неацэнная заслуга слаўнага сына беларускага народа ў выхаванні патрыятызму, любові да роднага слова, беражлівага стаўлення да нацыянальнай культуры.
Можна шмат гаварыць і пра чалавечыя якасці Песняра, яго ролю бацькі і дзядулі, бо яго нашчадкі і сёння годна нясуць яго славу і вялікую духоўную спадчыну.
Урокі Коласа для нас сёння і ў тым, якой была яго грамадзянская пазіцыя, наколькі клапаціла яго паўсядзённае жыццё народа, наколькі проста і годна ён жыў сярод людзей, як успрымаў клопаты кожнага, як гатовы быў прыйсці на дапамогу тым, хто да яго звяртаўся.
І тут важна, на мой погляд, падкрэсліць тое, што для сапраўднага літаратара важна не толькі жыць сваім унутраным светам, што праз свае думкі, уражанні, уласныя боль ці радасць перадаваць сваю эпоху, тое, чым жывуць і пра што думаюць яго сучаснікі.
Колас па-ранейшаму сучасны і блізкі, патрэбны нам як духоўны настаўнік і верны патрыёт свайго роднага краю.