Падзяліцца:
«Роздум. Летапіс уласнага роду – сямейныя рэліквіі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.06.2022
«Роздум. Летапіс уласнага роду – сямейныя рэліквіі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Нядаўна, перабіраючы татавы і маміны дакументы, якія захоўваліся ў шуфлядзе майго пісьмовага стала ў простай школьнай папцы, разгарнуў пасведчанне аб узнагароджванні Гальпяровіча Якава Пейсахавіча Ордэнам Айчыннай вайны першай ступені.

Гэта адна з самых важных баявых узнагарод, якой адзначаліся і тыя, хто атрымаў раненні ў баі, а некаторым узнагарода прысуджалася пасмяротна.

Мой бацька ж быў паранены ў 1942 годзе. Тады ў жорсткіх баях пад Мурманскам пры начным наступленні аўтаматная чарга прайшлася па ягоным целе і зрабіла яго аднарукім інвалідам.

На жаль, у свой час я не запытаўся ў таты пра тое, за што ён атрымаў гэты ордэн, ды ён і не надта хваліўся сваім баявым мінулым, так што цяпер, супастаўляючы факты з яго біяграфіі, застаецца толькі здагадвацца, што адзін з малодшых камандзіраў асобага батальёна сувязі Якаў Гальпяровіч годна праявіў сябе ў суровым баі.

Але да баявога брацтва, да памяці пра суровыя ваенныя гады ставіўся з вялікай, нават трапяткой павагай. За праўду пра вайну, супраць самых розных плётак змагаўся бескампрамісна. Былы аднакласнік маёй сястры расказваў неяк, як мой тата з адной сваёй здаровай рукой фізічна даказваў ваенную праўду двум здаравенным бугаям, якія хацелі зняважыць славу франтавікоў.

Запаветная папка з бацькоўскімі дакументамі… Мамін дыплом аб заканчэнні Ленінградскага педагагічнага інстытута, датаваны чэрвенем 1941 года, татаў партыйны білет і ўліковая картка камуніста з пяцідзесяцігадовым стажам, маміна працоўная кніжка са шматлікім падзякамі…

Паштоўкі, старыя фотаздымкі, пенсійныя пасведчанні… Сёння, перабіраючы гэтыя маўклівыя сведкі мінулага родных і любімых бацькоў, дакранаешся не толькі да гісторыі, а таксама да маральнай асновы ўласнага радаводу, да тых традыцыйных каштоўнасцяў, якія суправаджалі цябе з самага дзяцінства.

Сямейныя рэліквіі… Так сталася, што апошнім часам у шмат каго з маіх знаёмых з'явілася жаданне дакрануцца да памяці продкаў, да ўласнага радавода. І гэта радуе. На жаль, не раз даводзілася чуць да гэтага, што па розных прычынах такія старыя рэчы ў некаторых сем'ях выкідваліся нашчадкамі за непатрэбнасцю, а баявыя ўзнагароды бацькоў увішныя дзялкі нават прадавалі на чорным рынку.

З гадамі ўсё больш разумееш, што запаветныя сямейныя рэліквіі лучаць часы, звязваюць пакаленні агульнай памяццю, нясуць высокі маральны напал.

І гэта не толькі ўзнагароды ці пажоўклыя дакументы. Гэта і прадметы побыту, і паўзабытыя строі, медальёны і няхітрыя ўпрыгожванні, наіўныя статуэткі і самаробныя выцінанкі ці вышыўкі, і нават бацькоўскія інструменты працы.

Захаваць, перадаць памяць дзецям і ўнукам, – што можа быць больш каштоўным, каб выхаваць павагу да сваіх блізкіх і родных, каб разам пісаць летапіс уласнага роду, з якога ўрэшце складаецца летапіс і свайго запаветнага кутка Бацькаўшчыны, ды і самой вялікай Радзімы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: