Памятаю паездку ў пекінскім таксі. Шлях ад аэрапарта да горада няблізкі, і ўвесь час у салоне гучала не музыка, як часта ў нашых машынах, а мужчынскі і жаночы галасы нешта дэкламавалі. Галасы то падымаліся высока, то сцішваліся. Нібыта нейкі незразумелы майму вуху разыгрываўся спектакль.
– Спытай у вадзіцеля, што ён слухае, – папрасіў я дачку.
– Казку, – пасля кароткай размовы паведаміла мне яна.
Потым я не раз, слухаючы кітайскае радыё, знаходзіў вялікія кавалкі па часе яўна мастацкага чытання.
І мне згадалася ўласнае дзяцінства і маладосць, калі з рэпрадуктара на кухні можна было паслухаць вершы і казкі, а ўвечары бабуля і мама слухалі «Тэатр перад мікрафонам». З таго часу я не толькі запомніў прозвішчы артыстаў, а ўпершыню далучыўся да імёнаў многіх сучасных паэтаў і пісьменнікаў. І потым іх творы шукаў у бібліятэцы, спасцігаючы багацце роднай літаратуры.
Цяжка было тады ўявіць, што некалі сам далучуся да падрыхтоўкі літаратурных перадач.
З самых першых перадач беларускага радыё літаратура заняла ў яго праграмах трывалае месца.
На радыё знаходзілі дарогу лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў — вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа, апавяданні і нарысы Кузьмы Чорнага, Максіма Гарэцкага. Пры адсутнасці гуказапісваючай апаратуры выступленні ішлі адразу ў эфір.
А пазней з'явіліся і радыёінсцэніроўкі і першыя музычна-літаратурныя спектаклі.
На радыё працавалі пісьменнікі Лукаш Калюга, Тодар Кляшторны, Аркадзь Куляшоў, Сяргей Грахоўскі.
Я зрабіў гэты невялікі экскурс у гісторыю, каб засведчыць пераемнасць у мастацкім літаратурным вяшчанні на нашым радыё. Гэта тычыцца і першага канала, і спецыялізаванага канала «Культура», дзе літаратурныя перадачы – адна з асноўных форм вяшчання.
Так сталася, што, асабліва ў пачатку дзевяностых гадоў, з узнікненнем многіх FM-радыёстанцый радыё стала ўспрымацца, як забаўляльны сродак з папулярнай музыкай, дзі-джэямі з іх досыць танным гумарам, і з вокнаў машын, у плэерах і мабільных прыладах адно несліся заліхвацкія спевы, хохмы і рэклама.
Нават знаходзіліся такія, з дазволу сказаць, «рэфарматары», якія не супраць былі б перанесці гэткі стыль вяшчання і на дзяржаўныя радыёстанцыі.
Ды ўсё ж здаровы сэнс перамог, і, больш за тое, якраз стварэнне канала «Культура» засведчыла, што ўвага да духоўнасці, патрыятызму, да выхавання ў слухача цікавасці да твораў айчыннай літаратуры і мастацтва застаецца па-ранейшаму адным з прыярытэтаў нашага радыё.
Прыемна было пачуць аднойчы ад знаёмай, што ў моры розных модных шлягераў і рокавых кампазіцый у ранішнім эфіры розных радыёстанцый, як жыватворны аазіс, сталі вершы беларускіх паэтаў у выкананні артыстаў радыё.
«Адным штрыхом» – так называецца праект, калі на працягу дня ў эфіры канала «Культура» гучаць паэтычныя хвілінкі, калі радкі паэтаў ствараюць лірычны настрой слухача.
А ў больш значных формах гучаць падборкі вершаў, апавяданні, аповесці, раманы айчынных і замежных творцаў.
Так да слухача прыходзяць вершы Максіма Танка і Пімена Панчанкі, аповесці Васіля Быкава і Івана Шамякіна, радыёкампазіцыі і спектаклі па творах нашых драматургаў.
У наш вірлівы і няпросты час важна дакрануцца да душ людзей светлым і шчырым словам пісьменніка, абудзіць у іх светлыя пачуцці, высокія памкненні.
Гэтаму і служаць літаратурныя перадачы нашага радыё.