- Перадача: Радыёблог
- Дата: 30.09.2020
Ці чулі вы, сябры, як гучаць славутыя радкі санета Шэкспіра па-беларуску?
Краса ніколі не памрэ на свеце, -
Тварэнні дзіўныя прыносяць плён.
Пялёсткі вянуць на ружовым цвеце,
Ды аднаўляе памяць іх бутон.
Паэзія сусветнага класіка стала нам даступнай на роднай мове дзякуючы майстэрству перакладчыка Уладзіміра Дубоўкі.
Так, пераклад- гэта мост паміж народамі. Пра гэта хочацца яшчэ раз узгадаць , бо сёння ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень перакладчыка.
Дата абраная невыпадкова - 30 верасня 420 года памёр Геранім Стрыдонскі, пісьменнік, гісторык і перакладчык. Дарэчы, Гераніма Стрыдонскага аднеслі да ліку святых. Ён быў чалавекам магутнага інтэлекту і агнявога тэмпераменту, шмат вандраваў і ў маладосці здзейсніў паломніцтва ў Святую Зямлю. У 386 годзе ён пераклаў на лацінскую мову Стары і Новы Запаветы. Апроч таго, ёсць меркаванне, што Геранім быў стваральнікам глаголіцы - адной з першых славянскіх азбук.
Першы беларускі форум перакладчыкаў прайшоў якраз 30 верасня 2017 года у Міжнародны дзень перакладчыка, заснаваны ААН, між іншым, менавіта па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь.Такім чынам наша краіна далучылася да высакароднай справы ўзаемадзеяння культур розных народаў , знаёмства з шэдэўрамі сусветнага прыгожага пісьменства.
У беларускіх перакладчыкаў багатая гісторыя.
Адным з распачынальнікаў перакладчыцкай дзейнасці стаў Максім Багдановіч. У артыкуле «Забыты шлях» ён дакладна сфармуляваў, навошта патрэбныя пераклады: «Намагаючыся зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, складам твораў шчыра беларускай, мы дапусцілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам давала сусветная (найчасцей еўрапейская) паэзія. Гэта апошняя праца павінна ісці поўным ходам».
Так Багдановіч пісаў у 1915 годзе, але гэтыя словы актуальныя і цяпер.
Айчынным майстрам перакладу ёсць чым ганарыцца. На беларускай мове загучалі неўміручыя радкі Пушкіна, Байрана, Уітмена, Шаўчэнкі , Бёрнса . Сваю лепту ў пераўстварэннне сусветных шэдэўраў унеслі Аркадзь Куляшоў,Юрка Гаўрук , Максім Танк, Васіль Сёмуха, Рыгор Барадулін.
Актыўна працуюць у галіне перакладу і сучасныя творцы. Вялікую папулярнасць у аматараў сусветнай літаратуры выклікала кніжная серыя «Светлыя знакі: паэты Кітая», заснаваная па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі і Выдавецкага Дома «Звязда». Выйшла ўжо трынаццаць кніг, у якіх прадстаўлены як класікі кітайскай паэзіі, так і сучасныя творцы.
У выдавецтве «Мастацкая літаратура « выходзіць штогодні альманах «Далягляды», дзе размяшчаюцца пераклады з большасці літаратур свету і народаў Расіі. Плённа працуюць айчынныя перакладчыкі твораў беларускіх літаратараў на рускую і іншыя мовы.
Усё гэта сведчыць пра тое , што для высокіх пачуццяў і светлых думак , якія дорыць чытачу сапраўдная літаратура з дапамогай перакладу, не існуе межаў , што што сэрцы і памкненні ў людзей б'юцца ва ўнісон , незалежна ад таго, у якой краіне яны жывуць.
У наш няпросты час вельмі важна , каб з дапамогай перакладчыкаў ствараўся сапраўдны мост сяброўства і духоўнай еднасці паміж людзьмі, каб высакародныя ідэі,цеплыня і любоў служылі духоўным апірышчам і светлай паходняй для сённяшніх і наступных пакаленняў.