Падзяліцца:
“Роздум. Мы кнігу маем…” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.07.2020
“Роздум. Мы кнігу маем…” Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Памятаеце славутыя радкі класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, дарэчы, апошняе, што ён змог напісаць перад сваёй ранняй смерцю:

Я не самотны, я кніжку маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

У ліпені споўнілася 145 гадоў герою гэтага верша, імя якога трывала ўвайшло ў гісторыю найноўшай беларускай літаратуры.

Марцін Кухта – друкар, выдавец кніг на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах.

У 1906 г. ён заснаваў у Вільні друкарню з правам выпускаць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах, якая праіснавала да 1918 г. З яго друкарняй супрацоўнічалі многія беларускія выдавецкія суполкі.

Вядома не менш за 60 кніжных выданняў на беларускай мове, якія надрукаваў Марцін Кухта ў 1906–1915 гг. Асноўную кніжную прадукцыю друкарні складалі творы мастацкай літаратуры Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Цёткі, Канстанцыі Буйло і іншых беларускіх пісьменнікаў, кнігі па літаратуразнаўстве, перакладная літаратура, фальклорныя зборнікі песень і казак, беларускія календары, этнаграфічныя матэрыялы, лінгвістычныя даследаванні, сельскагаспадарчыя і медыцынскія выданні.

“Друкарня літоўца Марціна Кухты — фенаменальная з’ява у гісторыі культуры, — лічыць Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. — З яе, так сталася, пачалася сучасная беларуская літаратура...”

Сёння цяжка сабе ўявіць, што, каб не было гэтай славутай друкарні, колькі б каштоўных выданняў не дачакаліся аматары і прыхільнікі роднага слова.

Выдавецкая справа – яркі паказчык культуры народа, яго здабыткаў у гуманітарнай сферы. І калі азірнуцца нават на не такое ўжо далёкае мінулае, то можна пераканацца, што ў нашай дзяржаве менавіта кніжнай справе надаецца значная ўвага.

Нягледзячы на імклівае развіццё новых інфармацыйных тэхналогій, кніга па-ранейшаму займае значнае месца ў адукацыйным і духоўным жыцці нашага грамадства — штогод у выдавецтвах краіны выпускаецца каля дзесяці тысяч найменняў кніг агульным тыражом звыш дваццаці пяці мільёнаў экземпляраў. Сёння ў Беларусі выпускаецца звыш дзвюх з паловай кніг на аднаго жыхара. Гэта вельмі станоўчы паказчык у параўнанні з суседнімі краінамі. Апошнімі гадамі штогод павялічваецца выпуск кніг на беларускай мове — у сярэднім 1200 назваў на год накладам каля 4 мільёнаў экзэмпляраў.

Выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 выдавецтваў розных формаў уласнасці і амаль 1500 суб'ектаў распаўсюджваюць друкаваныя выданні. Такая статыстыка далёка не кожнай краіне СНД пад сілу. А за статыстыкай яшчэ і справы, самі кнігі, многія з якіх выклікаюць рэзананс, розгалас ва ўсім свеце, а не толькі ў нашай краіне. Пра гэта сведчаць і друк, і згадкі пра нашы кніжныя праекты на многіх электронных рэсурсах, у сацыяльных сетках.

Так што збылася мара нашых славутых папярэднікаў, і сёння, перафразуючы нашага любімага класіка мы можам па-праву сказаць: “мы кнігу маем”.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: