Падзяліцца:
«Роздум. На аснове духоўных традыцый». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.09.2020
«Роздум. На аснове духоўных традыцый». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Сярод галоўных падзей культурнага жыцця краіны Дзень беларускага пісьменства займае асаблівае месца. Гэта свята, якое крочыць па краіне, адкрываючы ўсё новыя яркія старонкі нашай гісторыі, пісьменства і культуры. І пачаўшыся ў 1994 годзе ў Полацку, на радзіме нашага першадрукара Францыска Скарыны, яно збірала гасцей яшчэ ў дваццаці трох вялікіх і малых гарадах і паселішчах краіны. Гэта былі Наваградак і Тураў, Орша і Пінск, Паставы і Глыбокае… І калі пра вышэй пералічаныя гарады мы ўжо шмат ведалі і чулі, то некаторыя райцэнтры, іх гісторыя і сённяшні дзень паўсталі ў новым цікавым абліччы і нават вонкава адкрыліся для наведвальнікаў яркімі цікавымі гранямі.

Сёлетняе свята прымае Бялынічы. Што мы ведаем пра гэта слаўнае месца?

Бялынічы вядомыя з 1577 года, тады яны называліся Белагарадок. А вось чаму назва Бялынічы замацавалася за населеным пунктам на стагоддзі, існуе шмат версій. Паводле адной з іх, паселішча заснаваў яшчэ ў 11 стагоддзі славянін Бялына і засяліў зямлю сваімі нашчадкамі – бялынычанамі. Згодна з іншай, заззяла ў 13 стагоддзі ікона Божай Маці, напоўніўшы цудоўным святлом ноч (Бялынічы – «белыя ночы»). Ва ўсялякім разе, на новым, прынятым у 2002 годзе, гербе мястэчка намалявана Божая Маці з Немаўлём, у залатой рызе.

Яшчэ гэтае месца звязана з постаццю выдатнага дзеяча з нашай гісторыі Льва Сапегі. Ён, адзіны з цэлага шэрагу ўладальнікаў мястэчка, зрабіў Бялынічы папулярным у вернікаў цэнтрам рэлігійнага жыцця, пабудаваўшы манастыр кармелітаў, дзе мелася нават друкарня і гравёрная майстэрня.

Бялынічы таксама радзіма славутага беларускага і расійскага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Сёння тут сапраўднай жамчужынай можна лічыць рэканструяваны музей мастака, які да свята атрымаў новае памяшканне. Плошча музея павялічылася амаль удвая. Цяпер установа не толькі абсталявана ўсімі сучаснымі тэхналогіямі — у ёй створана безбар'ернае асяроддзе, а гэта зробіць мастацтва даступным шырокаму колу наведвальнікаў.

Гасцей свята чакае нямала цікавага. Гэта і навукова-практычная канферэнцыя «Бялыніцкія чытанні», гістарычны квэст-гульня «Скарб князя Гальшанскага», міжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго: Слова стваральнае і разбуральнае» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў з многіх краін свету. І, безумоўна – урачыстае адкрыццё, для стварэння мастацкай канцэпцыі якога былі выкарыстаны гістарычныя, краязнаўчыя звесткі пра Бялынічы і Магілёўшчыну.

Безумоўна, у гэтыя дні ў Бялынічах гаспадарыць паўсюль будуць кніга, роднае беларускае слова, адбудуцца сустрэчы з пісьменнікамі і выдаўцамі.

Мне б хацелася звярнуць увагу на тое значэнне чарговага фэсту, як на сродак выхавання высокіх патрыятычных пачуццяў, далучэння да культурных традыцый народа, яднання на аснове агульнай гісторыі і духоўнасці. Нездарма ў праграму свята ўваходзіць экспедыцыя «Дарога да святыняў», у якой прымуць удзел святары, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, грамадскасці.

І сёлетняе свята прадоўжыць тую слаўную традыцыю пераемнасці духоўнага скарбу нашай роднай зямлі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: