Падзеі верасня 1939 года сапраўды з'яўляюцца лёсавызначальнымі для гісторыі нашай краіны. Як сведчаць факты, яны былі падрыхтаваныя гадамі імкнення адарванай ад Беларусі часткі народа да ўз'яднання.
Як вядома, з 1921 да 1939 г. Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы і з'яўлялася, па сутнасці, яе каланіяльным прыдаткам. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускай тэрыторыі і насельніцтва «ўсходніх крэсаў» было вельмі складаным. Да сярэдзіны 30-х гг. былі знішчаны дэмакратычныя свабоды, прыйшлі ў заняпад прамысловаець і сельская гаспадарка, забараняліся нацыянальная культура, беларуская школа, не было адкрыта ніводнай вышэйшай навучальнай установы.
Фактычна тэрыторыя Заходняй Беларусі знаходзілася на паўваенным становішчы. Грамадзянская вайна, якая толькі завяршылася ў СССР, працягвалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Там дзейнічалі партызанскія атрады, якія змагаліся за вызваленне беларускіх земляў. Заходняя тэрыторыя была аддзелена ад БССР мяжой, і партызанскія атрады былі пазбаўлены ваеннай падтрымкі. Тым не менш вядомыя іх арганізатары і кіраўнікі К.Арлоўскі, В.Корж і іншыя разгарнулі баявыя аперацыі па ўсёй заходнебеларускай зямлі.
На падставе актыўнай узброенай барацьбы ў 1922 г, была створана падпольная Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА). Яе мэты былі наступныя: кіраўніцтва рэвалюцыйным рухам, партызанскай барацьбой і разгортванне агітацыі і прапаганды сярод насельніцтва. У комплексе вырашэння гэтых задач неабходна было сфарміраваць свабодалюбівую грамадскую думку, кансалідаваць насельніцтва вакол ідэі вызвалення ад каланіяльнага ўціску і ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. Для выканання гэтых задач БРА арганізавала выпуск газет, лістовак і іншай агітацыйнапрапагандысцкай літаратуры.
Адной з самых моцных і масавых была Беларуская сялянскарабочая грамада (БСРГ), створаная ў 1925 г. Аўтарытэт і папулярнасць Грамады ў масах працоўных былі значныя. За кароткі час (да 1927 г.) яна стала масавай і налічвала звыш ста тысяч членаў.
Папулярнасць Грамады выцякала з праграмных дакументаў, канкрэтных задач і мэт: свабода, незалежнасць, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, зямля, праца, уз'яднанне беларускай зямлі ў адзінай краіне.
Вялікую ролю адыгралі і творцы-патрыёты, іх грамадзянская пазіцыя.
Максім Танк, як сапраўдны патрыёт, уключыўся ў барацьбу з акупацыйным рэжымам Польшчы. Паэту верылася, што хутка народ скіне ярмо нявольніцтва, аб’яднаецца з усходнімі братамі. Свой настрой ён раскрыў у вершах зборніка «На этапах» (1936), канфіскаванага польскай паліцыяй. Захаваліся толькі нешматлікія экзэмпляры. Назва кнігі, якая пераклікаецца з загалоўкам часопіса «Краты», што пісаўся ад рукі ў турме, патрыятычная: паэт славіў этапы барацьбы за волю, рыхтаваўся да яе і рыхтаваў іншых.
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года Максім Танк сустрэў вершам «Здарова, таварышы!» Падзея стала лёсавызначальнай для ўсяго беларускага народа: ён аб’яднаўся ў адной дзяржаве, за што вёў ахвярнае змаганне. Пра гэты дзень паэт марыў не раз. Ён бачыў яго з этапных дарог і турэмных камер. Верш напісаны ў форме прывітання і прасякнуты радасным настроем.
Праз узрыў сацыяльнай і нацыянальнай свядомасці, што адбыўся ў Заходняй Беларусі ў часы Грамады, прыйшоў у паэзію Валянцін Таўлай. Выдатныя дзеячы беларускай культуры Міхась Машара, Піліп Пястрак, Рыгор Шырма славілі барацьбу за ўз'яднанне роднай краіны.
Такім чынам, верасень 1939 года стаў гістарычнай падзеяй, якая стала ўвасабленнем мар і спадзяванняў усяго беларускага народа, паклала новы важкі этап унавейшай гісторыі нашага краю, станаўлення беларускай дзяржаўнасці.