Падзяліцца:
“Роздум. На аснове народных традыцый”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.12.2020
“Роздум. На аснове народных традыцый”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Выказванне вядомай английскай актрысы Хелены Бонэм Картэр, якое я знайшоў інтэрнэце, прыгадалася сёння вось з якой нагоды. Адна з самых вядомых кіназорак выказалася так: “Я думаю, што ўсё ў жыцці – мастацтва. То што вы робіце, як апранаецеся. Як вы любіце кагосьці і як гаворыце. Ваша ўсмешка і ваша асоба...”

Сёння ў Нацынальным гістарычным музеі адкрываецца выставачны праект “Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн», падрыхтаваны, як сведчыць прэз-рэліз установы, у адпаведнасці з грантам Прэзідэнта краіны.

Народны касцюм – гэта, безумоўна, дакумент эпохі. Кожны народ, шукаючы свае карані, звяртаецца да вытокаў, да таго, чым былі адметныя продкі, якімі крытэрымі карысталіся, ствараючы непаўторныя самабытныя строі.

Як не ўзгадаць тут славутыя слуцкія паясы, прыгожыя андаракі, вышываныя кашулі і многае іншае, што вылучала беларусаў у вопратцы?

Экспазіцыя ўключае 8 аўтэнтычных беларускіх строяў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, вырабы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, а таксама касцюмы з калекцый сучасных беларускіх дызайнераў адзення.

Як сведчаць арганізатары выставы, цяпер назіраецца вялікая цікавасць да беларускай народнай спадчыны і традыцыйны касцюм становіцца актуальнай крыніцай натхнення, дэманструючы сваю адметнасць. Фестывалі і конкурсы моды ў Беларусі, такія, як «Млын моды», «Этна Стыль» і многія іншыя, паказваюць высокі ўзровень майстэрства як прафесійных, так і маладых пачынаючых дызайнераў адзення. Адначасова з глабалізацыйнымі працэсамі ў іх творчасці адбываюцца працэсы звароту да традыцыйных форм культуры як да крыніцы новых кампазіцыйных, формаўтваральных, дэкаратыўных рашэнняў.

Сучасны касцюм, створаны на аснове традыцыйнага беларускага строю, выконвае важную функцыю папулярызацыі нацыянальнай культуры і спадкаемнасці каштоўнасцей беларускага народнага мастацтва сярод моладзі, а таксама заяўляе самабытны вобраз Беларусі на міжнароднай арэне.

У нашай нядаўняй гісторыі былі розныя перыяды, былі спробы ўніфікацыі, аднолькавых падыходаў да стварэння адзення, былі выказванні, што народны касцюм варта пакінуць толькі ў музеях.

Адначасова з глабалізацыйнымі працэсамі ў і творчасці сучасных дызайнераў моды адбываюцца працэсы звароту да традыцыйных форм культуры як да крыніцы новых кампазіцыйных, формаўтваральных, дэкаратыўных рашэнняў.

Арганізатары выставы «Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн» прапаноўваюць наведвальнікам стаць своеасаблівымі даследчыкамі, якія разглядаюць прадстаўленыя ўзоры беларускіх строяў як прадмет вывучэння і пераймання.

Таксама выставачны праект па задуме яго аўтараў выступае пляцоўкай для аналізу і абмеркавання сучасных вобразаў, створаных і прадстаўленых на конкурсах і фестывалях моды дызайнерамі, якія натхняліся традыцыйным касцюмам беларусаў.

У наш няпросты час, відаць, варта ўсё ж не забывацца на вечнае мастацтва –мастацтва жыць, апранацца, бачыць і любавацца прыгожым.

А яшчэ – памятаць пра свае вытокі, пільна ўглядацца ў мінулае, каб на аснове яго ўрокаў ісці ў заўтрашні дзень.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: