Падзяліцца:
«Роздум. На падмурку гістарычнай памяці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.03.2020
«Роздум. На падмурку гістарычнай памяці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Калі я ўпершыню атрымліваў пашпарт, мы мала што ведалі пра нашу гісторыю, тым больш пра факты, звязаныя з прававымі дакументамі, якія пазней паслужылі асновай для стварэння Канстытуцыі незалежнай беларускай дзяржавы. Сёння мы ўсё больш папаўняем нашы веды, знаёмімся з унікальнымі матэрыяламі сівой мінуўшчыны.

Да Дня Канстытуцыі з Рыгі ў Мінск прыбудзе ўнікальны рукапіс Статута Вялікага Княства Літоўскага, які меў афіцыйнае выкарыстанне на тэрыторыі сучаснай Латвіі. Статут перакладзены на нямецкую мову. Дадзены рукапіс ніколі раней нідзе не экспанаваўся.

Цяпер ён упрыгожыць выстаўку «Правобраз еўрапейскай Канстытуцыі» – экспазіцыю рарытэтаў з Беларусі і Латвіі, якая адкрыецца сёння (16 сакавіка) у Нацыянальнай бібліятэцы.

Унікальны помнік права XVI ст. меў вялікае значэнне не толькі для Беларусі, але і для фарміравання агульнаеўрапейскай прававой думкі.

Як вядома, Статут ВКЛ з'яўляецца адным з першых у свеце збораў законаў, які мае асновы канстытуцыйнага права. Але не ўсе ведаюць, што старажытная беларуска-літоўская Канстытуцыя была перанятая многімі іншымі народамі і стала асновай прававой сістэмы розных краін.

Статут ВКЛ 1588 г. выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі прускага права ў канцы XVI ст., складанні Саборнага ўлажэння 1649 г. у Расіі, быў пісьмовым зводам дзеючага права і ўжываўся ў судах на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі.

Статут перакладаўся на замежныя мовы, на якіх таксама меў афіцыйнае выкарыстанне. Ён быў перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы. Фактычна, ён стаў правобразам еўрапейскай Канстытуцыі, пабудаванай на прынцыпах дэмакратыі, роўнасці, справядлівасці, вяршэнства права.

Вось зараз у Беларусь едзе амаль нікому не вядомы экзэмпляр Статута ў перакладзе на нямецкую мову са збору адной са старэйшых бібліятэк Еўропы – Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Ён з’яўляецца сведчаннем афіцыйнага выкарыстання беларуска-літоўскай протаканстытуцыі на землях Латвіі і сведчыць пра старажытныя культурныя, эканамічныя і палітычныя сувязі нашых народаў.

Дэманстрацыя старажытнага рукапісу лішні раз сведчыць, што наш Асноўны Закон увабраў у сябе вопыт шматгадовага гістарычнага шляху Беларусі, адзначыў новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны.


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: