Пасол Індыі ўдзельнічае ў прэзентацыі кнігі перакладаў бангладэжскага паэта Назруло Іслама на беларускую мову, расійскі спявак Рэнат Ібрагімаў выступае на стэндзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, кампазітар Эдуард Ханок з цікавасцю слухае выступленні беларускіх паэтаў… – такія жанравыя карцінкі засталіся ў памяці наведвальнікаў XXVII Мінскай міжнароднай выстаўкі-ярмаркі, якая ў мінулыя выхадныя завяршыла сваю работу.
Часу прайшло дастаткова, каб падсумаваць уражанні, вызначыць галоўныя тэндэнцыі, паразважаць пра сённяшні стан выдавецкай справы, сучасныя напрамкі айчыннай літаратуры і яе месца ў супольнасці літаратур свету.
Здавалася, не так і шмат часу заняў круглы стол-сімпозіум, на якім сваімі думкамі дзяліліся літаратары замежных краін, якія бралі ўдзел у выстаўцы-кірмашу, але наколькі насычанымі і змястоўнымі былі іх развагі!
І высветлілася, што і праблемы ў сённяшнім свеце ў творцаў блізкія, і задачы па захаванні чытацкай аўдыторыі ў розных краінах аднолькавыя. А важнейшая з іх – пісаць яркія творы, патрэбныя народу, якія ўзнімаюць глыбокія маральна-этычныя пастулаты, якія падвяргаюцца ў XXI стагоддзі сур’ёзным выпрабаванням.
Магчыма, не самым значным эпізодам фэсту быў удзел у ім маладой іспанкі Анхелы Эспіносы, але ў яе асобе вызначылася па-асабліваму роля нашай беларускай мовы, якую дзяўчына з Малагі вывучыла дасканала, піша на ёй выдатныя вершы і ўпершыню ў гісторыі іспанскай філалогіі абараніла дысертацыю на мове нашага народа.
Дарэчы, ў яе перакладзе на іспанскую прагучалі санеты Купалы і вершы Максіма Багдановіча.
Што тычыцца згаданай напачатку прэзентацыі твораў класіка бенгальскай літаратуры, то кніга, выдадзеная выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, стала яркім адкрыццём, бо асоба паэта Казі Назруло Іслама выклікае цікавасць у многіх краінах свету.
Яркі змагар за свабоду і незалежнасць свайго краю стаў увасабленнем палымянага патрыятызму, высокай адданасці і мужнасці. У кнізе, выдатна аформленай мінскім мастаком Камілам Камалам, змешчана таксама паэма узбекскага паэта Эркіна Вахідава, прысвечаная бенгальскаму паэту.
Так на старонках аднаго толькі выдання на беларускай мове пераўвасобіліся думкі і пачуцці розных народаў.
У той жа час выстава стала асновай для роздуму пра сённяшні і заўтрашні дзень кнігі, і ўвогуле, айчыннай літаратуры.
Пісьменнік не можа не абапірацца на грунт уласнай гісторыі, традыцый, скарбаў роднай мовы, творчасці папярэднікаў.
Памылкова лічаць некаторыя сённяшнія літаратары, што ўсё пачынаецца з іх, і часта высвятляецца, што творы папярэднікаў не губляюць сваёй вастрыні і сучаснасці і карыстаюцца высокай запатрабаванасцю.
Ніякая літаратура не можа паўнавартасна развівацца без каранёў, без таго важкага грузу натхнення, што дае родная зямля, уласны народ. Інакш творы будуць падобныя на гідрапонныя памідоры, вырашчаныя ў трубачках па-за земляным грунтам: здаецца, выгляд ёсць, а смаку няма.
Што ж, дзеля таго, каб мы мелі больш цікавых кніг, яркіх твораў, і варта збірацца на такі яркі і маштабны кніжны форум.