Усё ж-такі чароўны месяц – чэрвень! І хоць сустрэў ён нас нязвыклымі халадамі і пахмурным надвор'ем, урэшце выглянула сонейка, заблішчэла яркая зеляніна, чароўным водарам бэзу напоўнілася наваколле.
Памятаю, калі мы здавалі выпускныя экзамены ў школе, чаравалі на бэзавых пялёстках – калі будзе пяць – пашанцуе, экзамен пройдзе ўдала.
Шмат гадоў прайшло з таго часу, а тыя хваляванні і радаснае прадчуванне новага дарослага жыцця памятаюцца і зараз.
А потым былі выпускныя ў дзяцей – і новыя хваляванні, новыя светлыя надзеі.
Сёлета і тыя, хто заканчваў школу, і іх бацькі таксама з хваляваннем чакалі гэтых святаў уваходу юнакоў і дзяўчат у дарослае жыццё, ды час, што гаворыцца, унёс карэктывы.
Ніхто не мог падумаць, што давядзецца прымаць такія меры перасцярогі, што сусветная пандэмія прымусіць весці сапраўдную барацьбу з нябачным вірусам, што пад пагрозай аказалася здароўе і саміх школьнікаў, і іх бацькоў і настаўнікаў.
Але, хоць і не зусім так, як звычайна, у школах сёння будуць і ўсмешкі на шчаслівых тварах, і запаветныя атэстаты, атрыманыя з рук настаўнікаў, бо жыццё прымусіць спыніцца цяжка.
Трэба жыць і верыць у тое, што бяда мінецца. На жыццёвым шляху людзей заўсёды чакалі самыя розныя выпрабаванні.
Выпускнікам 1941 года чэрвень запомніўся не толькі радасцю выпускных баляў, а страшнай весткай раніцай 22-га пра тое, што пачалася вайна. Вайна, якая ўнесла жыцці мільёнаў людзей, і многія з тых, хто танцаваў вальс на школьным бале, хто гуляў шчаслівы разам з аднакласнікамі ўсю ноч, строячы планы на будучыя здзяйсненні, загінуў на франце, памёр у канцлагеры або быў спалены ў печах жудасных крэматорыяў.
А тыя, хто выжылі і перамаглі ворага, хто праявіў гераізм і адвагу ў баях, пачыналі новае мірнае жыццё. Гэта дзяды і бабулі, прадзеды і прабабулі сённяшніх выпускнікоў.
Над імі сёння мірнае неба, у іх светлыя надзеі на далейшую вучобу і работу, яны – будучыня нашай цудоўнай краіны.
Нехта з іх стане ўрачом і будзе гэтак жа, як і сёння нашы дактары, змагацца за здароўе людзей, нехта абярэ іншыя прафесіі.
Галоўнае, каб яны верылі ў светлы лёс сваёй Айчыны, каб яны любілі свой родны кут, каб працягвалі слаўныя традыцыі свайго народа, шанавалі яго гісторыю, мову і культуру.
«У добры шлях!» – гэтыя словы не раз у гэтыя дні прагучаць на адрас нашых юных суайчыннікаў. Мне застаецца далучыцца да гэтых словаў.
Крыніца ілюстрацый: SB.BY