Падзяліцца:
«Роздум. На вастрыні ляза». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 14.05.2020
«Роздум. На вастрыні ляза». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Сёння гэта вынаходніцтва чалавецтва выклікае самыя розныя ацэнкі і ўражанні. Яго называюць і сусветнай сметніцай, і цудам, і верным сябрам, і злосным ворагам. Вы, пэўна, здагадаліся, што размова пойдзе пра інтэрнэт.

Для гэтага ёсць і нагода: у календары памятных дат на гэты месяц значыцца і Дзень інтэрнэта.

Для Беларусі першая дэкада мая памятная, як стварэнне байнету – беларускай сеткі: 10 мая 1994 года Інтэрнэт-карпарацыяй надання імёнаў і адрасоў быў створаны беларускі дамен.

Як многія ведаюць, інтэрнэт – глабальную тэлекамунікацыйную сетку інфармацыйных і вылічальных рэсурсаў – у 1989 годзе распрацавалі брытанскі навуковец Цім Бернес-Лі і бельгійскі – Роберт Каё.

Інтэрнэт складаецца з многіх тысяч карпаратыўных, навуковых, урадавых і дамашніх камп'ютарных сетак.

Паводле даных Міжнароднага саюза электрасувязі ААН, больш за 20 працэнтаў насельніцтва Зямлі карыстаецца гэтым «павуціннем».

Сёння часам здаецца, што многія людзі суткамі не вылазяць з гэтых спакусных сетак, знаёмяцца і сябруюць, сварацца і дыскутуюць, дзеляцца запаветнымі думкамі, ствараюць сем'і і разбураюць іх.

Прывяду толькі некалькі выказванняў пра інтэрнэт, якія знайшоў, блукаючы па яго прасторы:

«Інтэрнэт – гэта не штосьці выдранае з кантэксту чалавечых адносін. Проста новы ўзровень гэтых адносін і спосаб распаўсюду інфармацыі»;

«Гэта вялікая дапамога для літаратуры. З таго часу, як я ўлез у гэты інтэрнэт і займеў свой камп'ютар, я зрабіў, можа, больш, чым да таго за ўвесь час»;

«Інтэрнэт — гэта люстэрка рэальнага жыцця. Там ёсць шмат станоўчага: прадстаўлены культура, мастацтва, навука і іншае. Аднак хапае там і адмоўнага, таго, ад чаго мы аберагаем нашых дзяцей у рэальнасці».

Так, людзі па-рознаму ставяцца да гэтага новага сродку камунікацыі. Прычым, і тыя, хто ганіць, і хто хваліць, прыводзяць пераканаўчыя довады, безліч прыкладаў уплыву інтэрнэту на наша жыццё.

Многія параўноўваюць яго з наркатычным рэчывам, справядліва лічачы, што інтэрнэт-залежнасць асабліва небяспечная для дзяцей і юнацтва.

Але ніхто не можа адмовіць, што замены яму, як самаму даступнаму сродку інфармацыі і камунікацыі, зараз проста няма.

Ды і для нас, журналістаў, інтэрнэт – неабходны штодзённы сродак у прафесійнай дзейнасці.

Праўда, тут адразу ўзнікае пытанне, наколькі небяспечны гэты сродак, калі яго выкарыстоўваць у несумленных мэтах, наколькі ўплываюць розныя фейкі на жыццё, колькі шкоды могуць прынесці.

Асабліва ў гэтыя дні, калі чалавецтва сутыкнулася з віруснай навалай, якая пагражае здароўю мільёнаў людзей ва ўсім свеце.

Аказваецца, трэба прывыкаць па-новаму, па-іншаму адносіцца да таго, што мы чытаем і бачым у сусветным павуцінні, умець аддзяляць сапраўднае ад маны і плётак, знайсці свой, правільны для сябе накірунак падарожжа па інтэрнэцкіх хвалях.

Гэта як лязо, якім можна пагаліцца, прывесці сябе ў парадак, або парэзацца ці нанесці непапраўную рану.

Зрэшты, як і ўсё, што прыдумаў чалавек, можна павярнуць на карысць або на згубу…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: