“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”, – магутны голас Мулявіна, здаецца, уздымаў залу, напаўняў сэрцы высокім пачуццём, магчыма, нават нечаканым для многіх, калі прыходзіць усведамленне, што ёсць вечныя ісціны, важныя для кожнага народа.
Я ўзгадваў гэтае пачуццё на канцэртах “Песняроў”, праглядаючы нядаўна ў інтэрнэце шматлікія відэазапісы, зробленыя ў самых розных месцах, гарадах і краінах. Меняліся сцэнічныя касцюмы артыстаў, меняліся склады ансамбляў, але заўсёды галоўнай фігурай на сцэне быў Уладзімір Мулявін, яго непаўторны голас.
“Малітва”, “Александрына”, “Завушніцы”, Алеся”... Словы нашых класікаў Купалы, Броўкі, Танка, Глебкі паўтаралі ўслед за спевакамі шматлікія гледачы ў Полацку і Смаленску, Маскве і Тбілісі, Гомелі і Ташкенце.
Заакеанскія знаўцы року здзіўляліся: адкуль узяўся гэты беларускі ансамбль, роўны славутым “Бітлам”, таму, што беларускія народныя песні могуць так прывабна, так ярка гучаць і радаваць самыя патрабавальныя густы.
Феномен гэтага чалавека, з далёкага Урала, дзе ён нарадзіўся, з глыбіні Расіі, у тым, што ён стаў па-сапраўднаму беларускім артыстам, не толькі для сябе, але і для нас адкрыў прыгажосць нашага народнага меласу, стварыў творы, якія ўвайшлі ў залатую скарбонку народнага мастацтва.
Напэўна, за ўсю сваю шматгранную творчую біяграфію яшчэ адзін волат нашай музыкі Ігар Міхайлавіч Лучанок не сустракаў больш удзячнага, шчырага аднадумцу, які даў шлях яго шэдэўрам не толькі для землякоў, але нават далёка за межы нашай Беларусі.
І тут я хацеў сказаць пра важнасць для любога творцы па-сапраўднаму дакрануцца да багатай спадчыны ўласнага народа, адчуць хараство яго спрадвечнай мовы, узбагаціць сябе пачуццём прыналежнасці да роднай зямлі, яе славы і гісторыі.
Такія постаці, як Мулявін, Караткевіч, Максім Багдановіч, нашы класікі Купала і Колас, нараджаюцца не кожны дзень.
Але штодня мы сустракаемся не толькі з іх спадчынай, а з тым, што з’яўляецца творчасцю нашых сучаснікаў. І вось наколькі беражліва яны нясуць агонь айчыннай культуры, высокага мастацтва, залежыць, чым будуць напоўнены душы і сэрцы сённяшніх беларусаў, наколькі глыбока яны адчуюць глыбіню і прыгажосць уласнай культуры.
“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”, – словы Янкі Купалы выклікаюць на роздум і развагі. І не толькі з канцэртнай залы, і не толькі голасам Мулявіна, які паўтарыў услед за ім “Я буду маліцца і сэрцам, і думамі”.
Але ў тым ліку і на сцэнах нашых залаў, на радыё і тэлебачанні, у інтэрнэце і проста на вуліцах і кватэрах мы чакаем працяг найлепшых традыцый, новых яркіх твораў, якія нам “будаваць і жыць дапамагаюць”.