Пісьменніцкія архівы часта тояць у сабе самыя розныя адкрыцці, і нездарма творчая спадчына пісьменніка прыцягвае ўвагу шматлікіх даследчыкаў літаратуры.
Так пацвярджаеца славуты выраз «напісанае застаецца»: разбіраючы архіў вядомага пісьменніка Алеся Савіцкага, яго верная спадарожніца жыцця Людміла Барысаўна адшукала не апублікаваную раней аповесць «Карабін». Дзеянне твора адбываецца на Полаччыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго галоўныя героі – падлеткі Генка і Лёнька, якія ў акупаваным фашыстамі горадзе знаходзяць магчымасць помсціць ворагу.
Хлопцы адшукалі карабін і патроны і ўступілі ў нераўны бой з гітлераўцамі. Што было потым і як склаўся лёс галоўных герояў, чытач даведаецца, прачытаўшы цалкам твор.
Чытаючы гэтую аповесць, я нібы чую знаёмы голас майго старэйшага сябра і земляка, з якім мы не раз стаялі разам на травяністым узгорку на беразе роднай Дзвіны, краналіся далонямі цяпла Барысавага каменя перад вежамі Сафійскага сабора, падымаліся на Вал Івана Грознага і бывалі каля хаты, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка.
У галоўным героі я ў многім пазнаю таго юнака, які ў чатырнаццаць гадоў уліўся ў рады народных мсціўцаў, быў партызанскім разведчыкам і падрыўніком. Хто, як ні Саша Савіцкі, перажыў тыя эпізоды, пра якія пасталелы Алесь Ануфрыевіч апісаў у аповесці!..
У 1942 годзе, паправіўшы дакумент аб нараджэнні і прыпісаўшы сабе адзін год, юнак пайшоў у партызанскі атрад, да 1944 года быў камандзірам падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне, з 1944 года ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай, удзельнічаў у вызваленні ад карычневай чумы краін Еўропы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены, узнагароджаны баявымі ардэнамі і медалямі. Пачаў пісаць вершы яшчэ ў партызанскім атрадзе ў 1943 годзе.
Савіцкі заўсёды быў верны таму высокаму духу патрыятызма, які ён пранёс са сваіх юнацкіх гадоў. Я не раз быў сведкам і ўдзельнікам яго сустрэч з моладдзю, яго яркіх прамоў у самых розных аўдыторыях. Уражвала шчырасць і адкрытасць былога партызана і франтавіка, яго вера ў светлыя ідэалы сваёй маладосці.
Да апошніх сваіх дзён ён быў верны баявому брацтву і заўсёды прыязджаў на месцы былых баёў, сустракаўся з паплечнікамі і сябрамі.
Невядома цяпер, па якіх прычынах аповесць «Карабін», напісаная ў 1988 годзе, не ўбачыла свет. Чытаючы рукапіс, я не толькі бачыў захапляльнасць і дынамічнасць сюжэту, але і багацце мастацкіх выразных сродкаў, у першую чаргу мовы. Яна ў пісьменніка яркая, насычаная, поўная сапраўды народных слоў і выразаў. Я пазнаваў тут многія знаёмыя з дзяцінства назвы прыдзвінскіх вёсак і паселішчаў, прадметаў побыту.
Аповесць неўзабаве выйдзе асобнай кнігай у адным са сталічных выдавецтваў.
Пра Вялікаю Айчынную вайну ў беларускай прозе напісана нямала. Але выхад кнігі, напісанай удзельнікам і сведкам тых гераічных і шматпакутных гадоў –падзея, безумоўна, значная і патрэбная.
Чым далей адыходзіць у мінулае той час, чым часцей мы чуем пра спробы гераізацыі нацызму ў некаторых краінах, тым больш важна памятаць гераічныя старонкі нашай гісторыі, велічны подзвіг народа, які адстаяў свабоду і незалежнасць у барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі.