На Каляды прынята рабіць падарункі. Іх чакаюць дарослыя і дзеці, іх чакаюць і цэлыя ўстановы і арганізацыі.
Такім калядным падарункам для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стала паведамленне пра вяртанне ўнікальнай калекцыі прыжыццёвых і пасмяротных выданняў знакамітага беларускага і польскага пісьменніка Уладзіслава Сыракомлі.
Як паведаміў намеснік дырэктара бібліятэкі Алесь Суша, адмыслова для перадачы ў фонды ўстановы звыш пяцідзесяці рарытэтаў было набыта ў прыватнага калекцыянера дзякуючы высілкам нашых дыпламатаў у Швейцарыі. Перад гэтым была выканана экспертыза кожнай кнігі, правераны іх сапраўднасць і каштоўнасць.
Уладзіслаў Сыракомля, як сведчаць энцыклапедыі – прадстаўнік шляхецкага роду Кандратовічаў. Нарадзіўся, вучыўся і жыў на Нясвіжчыне, Стаўбцоўшчыне – на нашай беларускай зямлі.
Звяртаўся да гісторыі краю, вераванняў, звычаяў, вуснай паэзіі беларускага народа, паэтызаваў гераічнае мінулае продкаў. Дэбютаваў вершам «Паштальён» паводле пачутай аднойчы жыццёвай гісторыі. Пераклад «Паштальёна» на рускую мову стаў папулярнай народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком…»
Пісаў пераважна па-польску, з беларускамоўных твораў захаваліся толькі два.
З польскай культурай і мовай быў цесна звязаны і другі наш зямляк Станіслаў Манюшка, двухсотгоддзе якога мы адзначалі летась.
Кампазітар, дырыжор, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, меў дачыненне да станаўлення беларускай музычнай культуры. А яго яскравы кампазітарскі талент сфарміраваўся менавіта ў Беларусі. Дзейнасць Манюшкі да сённяшняга дня не страчвае сваёй актуальнасці.
Вялікі польскі паэт, класік польскай нацыянальнай літаратуры Адам Міцкевіч, як вядома, нарадзіўся ў вёсцы Завоссе на Наваградчыне, назаўсёды палюбіў родны край, які называў сваёй Айчынай.
Пэўны час гэтыя імёны, як, дарэчы, імёны Марка Шагала, Надзеі Лежэ, вядомых мастакоў Парыжскай школы, гучалі часта ў адрыве ад гісторыі нашай Беларусі, нашай культуры.
Даволі позна прышлі да нас імёны Ігната Дамейкі, Тадэвуша Касцюшкі, Станіслава Манюшкі, некаторых іншых дзеячаў нацыянальнай гісторыі і культуры іншых народаў.
Часта па самых розных прычынах ім даводзілася жыць у іншых краінах, на іншых тэрыторыях, далучыць свой талент служэнню іншым народам, іншым культурам.
І тут важна падкрэсліць, што мы не павінны, падкрэсліваючы іх прыналежнасць да нашай зямлі, так бы мовіць, адбіраць права ім быць гонарам іншых, перш за ўсё, суседніх народаў.
Гэта наша агульная спадчына, агульны гонар.
І не толькі наш, хаця ўсведамленне «нашасці» надае нам сілы і натхненне. І вывучаючы іх спадчыну, знаёмячыся з іх творчымі здабыткамі, мы разам з гонарам да землякоў адчуем сябе часткай сусветнай культуры, дзе ёсць пачэснае месца і нашай беларускай гісторыі.