Журналісту тэму на роздум можа прынесці любая выпадковая размова. Вось на гэты раз усё пачалося з фразы “А хто сёння “Песняроў” будзе слухаць?” Суразмоўца даводзіў, што сёння ў маладых людзей іншыя прыярытэты, яны хочуць чуць і спяваць іншую музыку, імі валодаюць іншыя рытмы. А другі ўдзельнік гутаркі дапоўніў: “А што наконт класікі ў літаратуры, то акрамя таго, каб атрымаць ацэнку на ўроку ці на экзамене, ніхто Пушкіна з Дастаеўскім чытаць не будзе”.
Сцвярджалі гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, які самі ў свой час Пушкіна з Дастаеўскім усё ж чыталі і “Песняроў” слухалі.
“Звычайная гісторыя”, скажаце вы, – колькі разоў ужо скідвалі класікаў з карабля сучаснасці, а яны зноў выплывалі і годна ўзыходзілі на той карабель.
Я крыху пра іншае. Любая нацыя, любы народ у сваім станаўленні абапіраецца на здабыткі папярэднікаў, на ўласны вопыт станаўлення традыцый, культуры, бо сучасныя дасягненні ў гэтых галінах не ўзнікаюць на пустым месцы. Я не раз ужо бачыў, як для некаторых творцаў, чытачоў і слухачоў усё вартае пачыналася з саміх сябе, як быццам да гэтага нічога вартага не было.
Што мне даў ваш Багдановіч? — казала мне знаёмая, – са школы толькі памятаю: “Паміж пустак балот беларускай зямлі…”
– Гэта не Багдановіч, – запярэчыў я.
– Усё роўна. – Дзецям гэта сёння не трэба. А дарослым тым больш.
Безумоўна, кожны новы час нараджае новыя рытмы, новыя творы, новыя звычкі.
Але ці вырастае якаснае насенне на непадрыхтаванай глебе? Скажу больш: людзі стагоддзямі апрацоўвалі зямлю, вынаходзілі гатункі, эксперыментавалі, каб перадаць досвед наступным пакаленням. Без вынаходства радыё ў свой час не было б наступых тэлекамунікацый, таго ж самага інтэрнэта. Скажаце, не карэктныя параўнанні?
Але каб не было Рафаэля, класічнай школы жывапісу, ці з’явіліся б на роўным месцы Шышкін і Левітан, імпрэсіяністы і нават авангардысты?
Я ўжо не кажу пра літаратуру. Творца, які не знаёмы з Пушкіным ці Бродскім, Купалам ці Максімам Танкам будзе вынаходзіць ровар, калі, канечне, авалодае ў першую чаргу ўменнем проста наносіть пісьмовыя знакі на паперу.
Сёння часам звычайная графаманія, непісьменнасць, вядомасць у вузкім коле родных і сяброў прэтэндуе на высокае званне сапраўднай літаратуры, жывапісу, музыкі. Паслужлівы інтэрнэт дапамагае вынесці гэта ўсё на больш шырокія абсягі, і вось ужо некаторым такім, з дазволу сказаць, творцам, гэта дае падставу не толькі гучна называць сябе пісьменнікам, мастаком ці кампазітарам, але рабіць свой прысуд нават класікам.
Але гэта адна з праблем.
Галоўнае, на мой погляд, усё ж ведаць і шанаваць створанае папярэднікамі, не адмахвацца ад традыцый уласнага народа, ад безумоўных шэдэўраў мастацтва, створаных у розныя часы. І сувязь пакаленняў вызначаецца не тым, што новае адмаўляецца ад таго, што прынесена ў свет папярэднікамі, што фармуецца тая сувязь, якая ва ўсе часы яднала, вяла да прагрэсу і працягу ва ўсё гісторыі кожнага народа і ўсяго чалавецтва.