Падзяліцца:
“Роздум. Не падвяргаць забыццю”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 26.07.2021
“Роздум. Не падвяргаць забыццю”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Днямі, выпадкова ўключыўшы тэлевізар, трапіў на момант, калі вядучы папулярнай гульні задаваў знакамітым гасцям пытанні, а тыя адказвалі, змагаючыся за ўнушальны грашовы прыз.

І якраз натрапіў на пастаўленае перад гульцамі пытанне пра тое, што адбывалася ў нямецкім горадзе Нюрнбергу ў 1946 годзе. Вядомая папулярная спявачка доўга думала, разважала, але так і не змагла правільна адказаць, нягледзячы на спробы вядучага неяк падказаць і накіраваць у патрэбнае русла.

Спявачка ўвогуле добрая, заслужаная артыстка, і, мяркуючы па ўсім, досыць адукаваная і начытаная. А вось пра горад, дзе адбыўся суд гісторыі, дзе на лаве падсудных аказаліся ідэолагі, прыспешнікі і арганізатары нялюдскай нацысцкай ідэалогіі, пра падзеі таго часу забылася. Забылася ці не ведала?

Нюрнбергскі працэс, які нярэдка называюць “Судом гісторыі”, доўжыўся амаль год. Перад трыбуналам паўсталі 24 абвінавачаных, якія ўваходзілі ў вышэйшае кіраўніцтва нацысцкай Германіі. Усе 403 пасяджэнні суда былі адкрытымі. Яго працу шырока асвятляла сусветная прэса, вялася прамая радыётрансляцыя.

У ходзе працэсу адбылося 403 адкрытых судовых пасяджэнні, было дапытана 116 сведак, разгледжана звыш 300 тысяч пісьмовых паказанняў і каля 3 тысяч дакументаў, уключаючы фота- і кінаабвінавачванні (у асноўным афіцыйныя дакументы германскіх міністэрстваў і ведамстваў, Вярхоўнага камандавання вермахта, Генштаба, ваенных канцэрнаў і банкаў, матэрыялы з асабістых архіваў).

Свет узрушылі агучаныя падчас працэсу факты пра ізуверскія здзекі над мірным насельніцтвам, аб масавым выкарыстанні спецпрэпаратаў забойства, аб так званых душагубках-газенвагенах, аб крэмацыйных печках, якія працавалі без перапынку днямі і начамі.

Шмат доказаў зверстваў, якія адбываліся на беларускай зямлі, таксама былі агучаны падчас працэсу.

Усе фігуранты працэсу былі прызнаныя вінаватымі і прыгавораны да пакарання.

Але, самае галоўнае, асуджэнню падверглася сама нацысцкая ідэалогія, злачынствы супраць чалавечнасці, дзеянні нацыстаў у адносінах да ўласнага народа і ўсіх тых, хто згодна нацысцкай ідэалогіі, адносіўся да «недачалавекаў».

Пра падзеі Другой сусветнай, а для нас Вялікай Айчыннай вайны, напісана шмат кніг, успамінаў, знята кінафільмаў.

Ды ўсё ж, відаць, сёння трэба ізноў нагадваць не толькі пра ваенныя эпізоды, гераічныя подзвігі воінаў і партызан, а і пра страшэнныя гора і страты, якія панёс наш народ у тыя суровыя гады.

Акупантамі на нашай зямлі праводзілася палітыка генацыду – планамернае знішчэнне цэлых груп насельніцтва. Для рэалізацыі гэтага плана гітлераўцы выкарыстоўвалі цэлую сістэму мер: заложніцтва, аблавы, пагромы, турмы, карныя аперацыі, лагеры смерці і інш. Карнікі знішчалі грамадзянскае насельніцтва і ваеннапалонных.

Палітыка генацыду спалучалася з тактыкай «выпаленай зямлі».

Хоць і прайшло з пачатку гітлераўскай навалы на нашу зямлю ўжо восемдзесят гадоў, адкрываюцца новыя факты і дакументы, якія праліваюць святло на ўсе злачынствы фашыстаў і іх прыспешнікаў.

Па сведчанні супрацоўнікаў Нацынальнага архіва Беларусі, у зборніках дакументаў, якія выдала ўстанова, змешчаны матэрыялы амаль трох тысяч крымінальных спраў на замежных ваеннапалонных, якіх асудзілі за ваенныя злачынствы. Іх паказанні шырока прадстаўлены ў шасці тамах.

Архівісты сцвярджаюць, што сёння па Беларусі можна называць звыш 9300 спаленых вёсак, а не 9200, як было прынята меркаваць доўгі час. І «сясцёр» у Хатыні не 185, а значна больш.

Пошук тых, хто прымаў удзел у фашысцкім генацыдзе, нягледзячы на тое, што прайшло шмат гадоў і большасці ўдзельнікаў тых падзей ужо няма ў жывых, працягваецца. Таму гаварыць і нагадваць пра гора і слёзы, пра забітых, замучаных і спаленых нацыстамі нашых суайчыннікаў трэба і далей.

Як пісаў паэт, “гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым”...

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: