Адзвінелі калядныя святы. Прайшла навагодняя ноч, калі звычайна цяжка прабіцца тэлефоннымі званкамі з віншаваннямі родным і блізкім, даўнім сябрам і знаёмым. І якое шчасце былo, калі ў адказ нарэшце пачуеш знаёмы голас і цёплыя словы спагады, сяброўства, любові.
Сёлета, па сабе заўважыў, усё было значна прасцей: на мабільны прыходзілі віншавальныя стандартныя відэапаштоўкі, як кажуць, без лішніх, дакладней, слоў практычна не было. Адзін мой знаёмы павіншаваў такім чынам амаль адначасова каля паўсотні адрасатаў, нічога не казаў, а рассылаў паштоўкі з пажаданнямі.
Дарэчы, крыху архаікі. Памятаеце, як мы выбіралі паштоўкі, як падшуквалі патрэбныя словы з пажаданнямі, з выказваннямі нашых пачуццяў?
Цяпер у любым газетным шапіку, кнігарні, у краме можна набыць паштоўкі з гатовым тэкстам, так званымі вершамі, у тым ліку з любой нагоды: вяселля, юбілею, свята, пахавання і г.д. І нічога самому думаць не трэба, усё за вас падумана і сказана.
Так званы штучны інтэлект замяняе ўсе чалавечыя жывыя пачуцці і словы. Не ведаю, як вы, але я гэтыя гатовыя ролікі па «Вайберу» нават не адкрываў. Проста пісаў «дзякуй» у адказ, бо мне было зусім нецікава, які гатовы сюжэт выбраў мой стары сябра, каб адгукнуцца сваім святочным віншаваннем.
Па сённяшні дзень у выбраных тамах класікаў, ва ўспамінах і мемуарах мы з цікавасцю чытаем тэксты іх прыватнай перапіскі, іх віншавальных паштовак. Колькі там жывой паэзіі, мудрасці непадробнага пачуцця, эмоцый!
Многія з нас захоўваюць таксама сваю даўнюю перапіску з прызнаннямі ў каханні, з выказваннем светлых і прыгожых пачуццяў.
А сёлета, напярэдадні 75-годдзя Перамогі над фашызмам, з якім пачуццём чытаюцца лісты з фронту, караценькія запіскі, пераданыя родным, як кажуць, з аказіяй.
І пісалі ўсё гэта не толькі пісьменнікі і людзі з філалагічнай адукацыяй. Бяскрыўдныя, нават з граматычнымі памылкамі – гэтыя перліны эпісталярнага жанру – скарб нашай эпохі, сведчанне сілы духу людзей.
Дзякуй Богу, сёння іншы час. І сродкі дастаўкі нашых слоў практычна дасягнулі дасканаласці – я, напрыклад, у любы час сутак магу напісаць, да прыкладу, у далёкі Пекін, і там у той жа момант гэта можна прачытаць і адказаць.
А цяпер што? Зусім ад уласных слоў адмовімся? Ёсць жа гатовыя тэксты і нават відэаролікі з любімымі героямі, рознага роду смайлікі. Так і ўвогуле размаўляць нядоўга развучыцца. І будуць за нас думаць і гаварыць, як гаворыцца, спецыяльна абучаныя людзі.
Не ведаю, як вам, а мне гэтага вельмі б не хацелася. Таму, сябры, лепш я вам патэлефаную ці напішу. Не хачу размаўляць з вамі не сваімі словамі.