Сёння адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў.
У дзяцінстве я часта чуў ад нашых пацаноў кплівае “Прыдурак лагерны”. Гэта было азначэнне дзіўнаватых паводзін, нехлямяжасці, няўмекі.
Чаму “лагерны”, – думаў я. – Мо таму, што вуліцу ў нашым раёне называюць “Лагернай”? Але ж шыльдаў такіх няма.
Праз шмат гадоў я дазнаўся, што непадалёк, у раёне Лазоўкі і Спаскага гарадка знаходзіўся фашысцкі канцэнтрадыцыйны лагер, што на беразе любімай маёй рэчачкі Палаты, непадалёк ад Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, расстрэльвалі савецкіх ваеннапалонных і вязняў гета.
У наш час, узгадваючы Вялікую Айчынную вайну, больш гаварылі пра ваенныя перамогі, подзвіг савецкага народа, і не прынята было надта засяроджвацца на ахвярах, а слова “палон” несла негатыўнае адценне, бо той, хто выжыў у палоне, насіў кляймо ледзь не здрадніка.
Гаварыць пра страты і ахвяры сталі пазней, а тады, у маім дзяцінстве, я нічога не ведаў ні пра полацкае гета, ні пра ДУЛАГ-155 – на тэрыторыі Зялёнага гарадка (цяпер – Баравуха-3) і ДУЛАГ-125 – на тэрыторыі былога ваеннага гарадка, які зваўся «Чырвоны гарадок імя М.В.Фрунзе» (цяпер – Спаскі гарадок).
Гэта цяпер стала дастаяннем шырокай грамадскасці, што ў памяшканнях былога ваеннага гарадка, разлічаных не больш чым на 4,5 тысяч чалавек, утрымлівалі ад 15 да 20 тысяч ваеннапалонных. За падвойным плотам з калючага дроту, замацаванага на слупах вышынёй 4 метры, знаходзіліся асноўныя будынкі лагера. Паміж радамі плота ўцекачоў надзейна ўпільнаваў калючы дрот, расцягнуты па зямлі ў выглядзе «спіраляў Бруна». На слупах як знешняй, так і ўнутранай агароджы віселі фанерныя шыльды з грозным папярэджаннем: «Падыходзіць да агароджы і пералазіць праз яе – ЗАБАРОНЕНА. Расстрэл на месцы». Па перыметры агароджы стаялі вартавыя вышкі з кулямётамі, дзе дзяжурылі вартавыя. У начны час звонку лагер ахоўвалі парныя патрулі з сабакамі, а з вышак тэрыторыя асвятлялася пражэктарамі.
Ад нечалавечых ўмоў, здзекаў, голаду, інфекцыйных захворванняў на тэрыторыі лагера штодня памірала ад 80 да 200 чалавек. Усе яны знаходзілі свой апошні прытулак у месцы пад назвай урочышча Пяскі. Туды ж прывозілі для расстрэлу падпольшчыкаў і партызан.
Усяго, па дадзеных з розных крыніц, за час акупацыі Полацка тут было знішчана і пахавана ад 40 да 100 тысяч савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў.
Гэта з даведкі Полацкага музея баявой славы.
8 мая 1985 года на правым беразе ракі Палата, паміж Спаскім гарадком і Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыром быў адкрыты Памятны Знак ахвярам фашызму.
У маі 2010 года Полацкае раённае аддзяленне Віцебскага абласнога аддзялення Грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру» звярнулася ў Полацкі гарадскі выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў з ініцыятывай аб будаўніцтве Мемарыяльнага комплексу памяці ахвяраў фашызму «Урочышча Пяскі». Ініцыятыва была пачутая і падтрымана на сесіі Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў. Полацкі гарвыканкам прыняў рашэнне аб будаўніцтве Мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр фашызму «Урочышча Пескі».
Пра будаўніцтва і адкрыццё мемарыяльнага комплекса я ўжо распавядаў нашым радыёслухачам.
Сёння для жыхароў і гасцей горада супрацоўнікі музея праводзяць аглядныя экскурсіі. Тэматыцы, звязанай з акупацыйным рэжымам у Полацку і ў прыватнасці – з месцамі масавых пахаванняў, прысвечаны навуковыя працы, артыкулы і выступы ў розных СМІ.
Праходзяць гады, у навейшай гісторыі краіны было шмат падзей, але памяць пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, пра жудасныя злачынствы фашысцкіх карнікаў, пра нялюдскую ідэалогію фашызму павінна жыць.
І сённяшні дзень павінен яшчэ раз нагадаць пра гэта.