- Перадача: Радыёблог
- Дата: 02.07.2020

У гэтыя дні ліпеня 1944-га года мой родны горад Полацк ляжаў у руінах. На дзень вызвалення ў зямлянках і прыстасаваных памяшканнях пражывала каля 240 сем’яў. Але ўжо літаральна праз тыдні горад пачаў ажываць, напаўняцца людзьмі, якія сталі аднаўляць разбураныя гаспадаркі. Сярод першых, хто вярнуўся ў родныя мясціны быў і мой бацька-франтавік.
Жахлівыя сляды пакінулі пасля сябе акупанты. Паблізу святога для палачан месца – Спаса-Ефрасіннеўсага манастыра, ва ўрочышчы Пяскі – яны размясцілі канцлагер.
Як сведчаць дакументы, смяротнасць тут дасягала двухсот чалавек штодня. Усіх хавалі на былым стрэльбішчы. Працэс нагадваў канвеер, калі траншэі з аднаго боку толькі яшчэ адкопваліся, з другога — у іх ужо скідвалі трупы і прысыпалі зямлёй. Целы памерлых і забітых ляжалі тут у 8 слаёў. Сюды ж звозілі расстраляных і павешаных з грамадзянскага лагера “Грамы”, тут жа закопвалі закатаваных зняволеных гарадской турмы і гестапа…
Напярэдадні тут адкрыўся мемарыяльны комплекс. Ён створаны за народныя ахвяраванні: некалькі гадоў таму Полацкая гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру» абвясціла пра збор сродкаў на ўзвядзенне мемарыяльнага комплексу на месцы масавага пахавання ва ўрочышчы Пяскі.
У дзень адкрыцця ля мемарыяла сабраліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, вайскоўцы Полацкага гарнізона, прадстаўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў, члены Беларускага саюза афіцэраў, навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча, дый проста неабыякавыя жыхары горада. Яны ўшанавалі памяць больш за 40 тысяч былых ваеннапалонных, мірных грамадзян і італьянскіх салдат, якія адмовіліся ваяваць на баку захопнікаў.
Яшчэ да аднаго памятнага месца ў старажытным горадзе палягуць кветкі ад удзячных нашчадкаў у Дзень Незалежнасці. На правым беразе Дзвіны высіцца помнік 23 гвардзейцаў лейтэнанта Грыгор’ева.У час баёў за вызваленне горада 3 ліпеня воіны ўварваліся на мост, не далі ўзарваць яго і адстаялі пераправу, уратаваўшы жыцці тысячам наступаючых савецкіх салдат.
Подзвігу гэтых людзей прысвяціў песню славуты бард і выканаўца Юрый Візбар.
Яшчэ адзін помнік на ўскраіне горада ўстаноўлены ў гонар лётчыкаў 72-га гвардзейскага знішчальнага авіяпалка, якому за ўдзел у вызваленні горада была прысвоена назва “Полацкі”. Дарэчы, сярод загінуўшых у баях лётчыкаў быў бясстрашны авіятар Мамкін, які вылятаў на акупаваную тэрыторыю, каб вывезці да партызан на борце свайго самалёта выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома.
Помнікі, абеліскі… Іх шмат на беларускай зямлі. Паўстаюць новыя, і будуць яшчэ паўставаць, бо памяць неабходна тым, хто прыходзіць у новае жыццё, для каго былыя падзеі ўсяго толькі пачутае і прачытанае. Вельмі важна ўсведамляць нашчадкам, якой цаной далася Вялікая Перамога, ведаць, хто ахвяраў сваім жыццём, каб сёння наша краіна пад мірным небам святкавала Дзень Незалежнасці і ўпэўнена глядзела ў будучыню.